Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ліст Папы дырэктару «La Repubblica» на пытанні аб веры: кожны чалавек пакліканы ўвайсці ў спосаб мыслення і дзеяння Езуса
Святы Айцец
11.09.2013 14:02

Папа Францішак адказаў дырэктару італьянскага выдання «La Repubblica» Эўджэніо Скальфары на некаторыя пытанні адносна хрысціянскай веры, асобы Езуса Хрыста, прабачэння грахоў няверуючых, розніцы паміж хрысціянствам і іншымі рэлігіямі, энцыклікі «Lumen fidei». Ліст Святога Айца быў апублікаваны цалкам на старонках газеты 11 верасня.

«Мне здаецца што добра, не толькі для нас асабіста, але і для грамадства, у якім жывём, спыніцца і паразмаўляць аб такой важнай рэальнасці, як вера», — напісаў Папа і дадаў, што шчыры дыялог «не з’яўляецца другасным элементам для хрысціяніна: а наадварот – унутраным і істотным».

Паводле Святога Айца, вера ўзрастае пры павазе да іншых. «Хрысціянін не высакамерны: наадварот, праўда робіць яго пакорным, праз усведамленне, што не мы валодаем праўдай, але яна нас ахоплівае і авалодвае намі», — адзначыў Папа, дадаўшы, што моцная вера дае магчымасць сведчыць аб ёй і весці дыялог з усімі.

Пантыфік падзяліўся ўласным досведам знаёмства з верай, якая, па яго словах, нарадзілася ў ім дзякуючы «сустрэчы з Хрыстом, які дакрануўся да сэрца і даў накірунак, новы сэнс жыццю». «Але адначасова гэтая сустрэча стала магчыма дзякуючы супольнасці веры, у якой я жыў», — напісаў Папа і дадаў, што «без Касцёла не мог бы сустрэць Езуса».

Паводле Папы, уваскрасенне было патрэбна не для таго, «каб трыумфаваць над тымі, хто адкінуў Езуса, але каб пацвердзіць, што любоў Божая мацнейшая за смерць, прабачэнне – мацнейшае за кожны грэх, і што варта патраціць жыццё, аж да канца, каб сведчыць аб гэтым невымерным дары». Пантыфік падкрэсліў, што кожны чалавек пакліканы «зрабіць уласным позірк Езуса» і Яго выбар любові, «увайсці ў Яго спосаб быцця, мыслення і дзеяння».

Святы Айцец адзначыў, што Касцёл, «нягледзячы на ўсю сваю павольнасць, нявернасць, памылкі і грахі, якія мог учыніць і можа яшчэ ўчыніць праз тых, якія яго складаюць, не мае іншага сэнсу і мэты, акрамя таго, каб жыць і сведчыць аб Хрысце».

Паводле Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.