«Тэлефонным душпастырствам» назваў звычай Папы Францішка нечакана тэлефанаваць сваім знаёмым, а таксама невядомым яму людзям, кіраўнік Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра кс. Дарыё Вігано. У інтэрв’ю італьянскаму часопісу «Famiglia cristiana» святар распавёў пра сваю нядаўнюю аўдыенцыю ў Святога Айца, падчас якой між іншым размова зайшла і пра тэлефанаванні Пантыфіка.
Па словах святара, Папа падзяліўся, што гэтых тэлефонных размоваў было нашмат больш, чым вядома з публікацый у СМІ.
Святы Айцец папрасіў кс. Вігано расказаць журналістам, што яго тэлефонныя званкі – «гэта не сенсацыя». «Такі я ёсць і заўсёды так рабіў у Буэнас-Айрэсе. Атрымліваў запіску ці ліст ад святара, які перажывае цяжкасці, ад сям’і ці вязня, і адказваў», — падзяліўся Папа і дадаў, што ў такіх выпадках яму прасцей патэлефанаваць той ці іншай асобе, каб даведацца падрабязнасці аб сітуацыі і прапанаваць выйсце. «Да адных я тэлефанаваў, да іншых пісаў», — сказаў у размове Пантыфік.
Ксёндз Вігано адзначыў, што аднойчы і сам атрымаў тэлефанаванне ад Святога Айца, які пажадаў асабіста павіншаваць яго з днём нараджэння. Паводле святара, Папа Францішак мае сэрца, чулае да патрэбаў іншых, і хоча паказаць, што ў вачах Бога кожная асоба каштоўная, асабліва калі яна перажывае цяжкасці. Паводле Ватыканскага радыё
(AG)
|