Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік да ўдзельнікаў пасяджэння Папскай рады па сродках масавай камунікацыі: і ў камунікацыі патрэбны Касцёл, здольны несці цеплыню
Святы Айцец
22.09.2013 10:46

21 верасня Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. У сваёй прамове Пантыфік заклікаў прысутных спытаць саміх сябе, якая роля Касцёла ў камунікацыйнай рэальнасці, а таксама адзначыў: «Вялікі лічбавы кантынент – гэта не толькі тэхналогія, ён складаецца з рэальных мужчын і жанчын, якія нясуць з сабой тое, што маюць унутры: уласныя пакуты, трывогі, пошук праўдзівага, прыгожага і добрага».

«У любой сітуацыі, нягледзячы на тэхналогіі, я думаю, што мэтай павінна быць уключэнне ў дыялог з сучаснымі мужчынамі і жанчынамі, каб зразумець іх чаканні, сумнівы, надзеі, — сказаў Святы Айцец. — Яны мужчыны і жанчыны крыху расчараваныя ў хрысціянстве, якое ім здаецца стэрыльным, з прычыны яго цяжкасцяў у дакладнай перадачы глыбокага сэнсу, які дорыць вера». Паводле Папы, важна быць здольнымі весці дыялог, уваходзячы таксама ў прасторы, створаныя новымі тэхналогіямі, сацыяльнымі сеткамі, і прысутнічаць там, слухаючы, размаўляючы і натхняючы. «Не бойцеся гэтай прысутнасці, — заклікаў Пантыфік удзельнікаў аўдыенцыі. — Касцёл, які суправаджае на шляху, здольны крочыць з усімі!»

«Мы павінны спытаць сябе: (...) ці здольныя мы, таксама і ў гэтай сферы, несці Хрыста, весці на сустрэчу з Хрыстом? — адзначыў Папа. — Ці здольныя мы перадаваць аблічча Касцёла, каб ён стаў “домам” для ўсіх?»

«Таксама і ў кантэксце камунікацыі патрэбны Касцёл, які здольны несці цеплыню, запальваць сэрцы. Наша прысутнасць, нашы ініцыятывы могуць адказаць на гэтае патрабаванне? — задаў пытанне Пантыфік. — Мы маем каштоўны скарб, які трэба перадаць, скарб, які нясе святло і надзею. У ім існуе вялікая патрэба! Але ўсё гэта патрабуе ўважлівай і кваліфікаванай падрыхтоўкі святароў, законнікаў, законніц, свецкіх людзей».

«Няхай для нас заўсёды будзе ясна, што Бог, у якога мы верым, Бог заклапочаны чалавекам, хоча аб’явіцца праз нашы сродкі, нават калі яны бедныя, таму што гэта Ён дзейнічае, Ён перамяняе, Ён збаўляе жыццё чалавека», — падкрэсліў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.