22 верасня Святы Айцец Францішак прыбыў з душпастырскім візітам на Сардзінію. Па прыбыцці на востраў Папа сустрэўся з прадстаўнікамі свету працы. «Мы не жадаем эканамічнай сістэмы без этыкі, глабалізаванай і ідалапаклонніцкай, якая прычыняе нам шмат зла. У цэнтры павінны быць мужчына і жанчына, як жадае Бог, а не грошы, не пакланенне ім», — такімі словамі Пантыфік пачаў свой візіт.
Звяртаючыся да прысутных, Папа падзяліўся, што ведае аб праблемах рабочых і прадпрымальнікаў не па чутках. «Мая сям'я, мой тата яшчэ маладым паехаў у Аргенціну (...) і пакутаваў ад жудаснага крызісу 1930-х гадоў. Яны згубілі ўсё, не было працы. Я ў той час яшчэ не нарадзіўся, але ў сваім дзяцінстве я чуў, як апавядалі пра гэта, пра гэтыя пакуты», — расказаў Пантыфік.
Папа адзначыў: «Я павіннен сказаць вам – “адважней”, але таксама ўсведамляю, што павінен зрабіць усё магчымае, каб гэтае слова – “адвага” — не было толькі прыгожым словам з мінулага, не было толькі ўсмешкай сардэчнага супрацоўніка, супрацоўніка Касцёла, які прыходзіць і кажа вам “адважней”. Не! Я гэтага не хачу! Хачу, каб гэтая адвага прыйшла да мяне знутры і падштурхнула зрабіць усё магчымае, як пастыра, як чалавека. Мы павінны з салідарнасцю і разумнасцю адказаць на гэты гістарычны выклік».
«Тут я бачу пакуты з прычыны адсутнасці працы, якія вядуць да адчування страты годнасці. Дзе няма працы – не хапае годнасці», — дадаў Папа. Паводле Святога Айца, гэтая праблема датычыцца не толькі Сардзініі, Італіі ці некаторых еўрапейскіх краін — «гэта наступствы сусветнага выбару, эканамічнай сістэмы, якая ў цэнтры мае ідала, імя якому – грошы. Бог хацеў, каб у цэнтры свету не было ідалаў, а быў чалавек, мужчына і жанчына. Але ў цэнтры гэтай сістэмы без этыкі знаходзіцца ідал, а свет стаў пакланняцца грошам. Кіруюць грошы».
У той час, як прамаўляў Пантыфік некаторыя выкрыквалі: «Працы, працы!» «Гэта ваша малітва, — адказаў Папа і дадаў: — Праца азначае годнасць, магчымасць прыносіць хлеб дадому. І мы павінны сказаць “не” гэтай “культуры адходаў”. Мы павінны сказаць: “жадаем справядлівай сістэмы”».
Святы Айцец заклікаў не губляць надзею і не дазволіць скрасці яе. Сваю першую сустрэчу на Сардзініі Папа завяршыў малітвай: «Пане, Табе хапала працы, Ты працаваў плотнікам, быў шчаслівым. Пане, нам не хапае працы, ідалы жадаюць скрасці ў нас годнасць (...) Пане, не пакінь нас у адзіноце (...) Дапамажы нам дапамагаць адно аднаму (...), дай нам працу і навучы змагацца за працу». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|