22 верасня ў межах прабывання на Сардзініі Папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі свету культуры і навукі. У будынку Папскага тэалагічнага рэгіянальнага факультэта ў Кальяры Пантыфік прывітаў выкладчыкаў і студэнтаў гэтай навучальнай установы, а таксама рэктараў, выкладчыкаў і студэнтаў дзяржаўных універсітэтаў Сардзініі.
Звяртаючыся да іх, Папа адзначыў, што пачуцці сучаснага чалавека падобны да пачуццяў евангельскіх вучняў з Эмаўса: гэта «расчараванне» і «разгубленасць», выкліканыя крызісам розных сфер жыцця чалавека. На падабенства вучняў з Эмаўса нашы сучаснікі, па словах Пантыфіка, напоўнены песімізмам, які ў сваю чаргу вядзе да «паралічу розуму і волі». «Расчараванне вядзе таксама да свайго кшталту ўцёкаў, пошуку “астравоў” і момантаў перамір’я. Гэта падобна да паводзінаў Пілата – “умывання рук”. Паводзіны, якія здаюцца “прагматычнымі”, але фактычна ігнаруюць кліч справядлівасці, чалавечнасці і сацыяльнай адказнасці і вядуць да індывідуалізму, крывадушша, калі не пэўнага кшталту цынізму», — сказаў Папа.
Пантыфік спытаў: ці варта паддавацца гэтаму расчараванню і спакусе «ўмыць рукі»? Паводле Святога Айца, гістарычны момант, у які жывём, падштурхоўвае шукаць і знаходзіць дарогі надзеі, якія адкрыюць новыя гарызонты нашаму грамадству. Тут «з’яўляецца каштоўнай роля ўніверсітэтаў, як месцаў апрацоўкі і перадачы ведаў, навучання “мудрасці” ў самым глыбокім сэнсе гэтага тэрміна, інтэгральнага выхавання асобы».
Паводле Папы, універсітэт — гэта месца, якое дапамагае глыбока «чытаць рэальнасць», а крызіс можа стаць «момантам ачышчэння» і «пераасэнсавання нашых эканоміка-сацыяльных мадэляў» на падставе этычных і духоўных крытэрыяў. У дадзеным кантэксце вялікая роля ўніверсітэтаў таксама як месцаў праніклівасці: «Пранікаць азначае не ўцякаць, але сур’ёзна разглядаць рэальнасць».
На думку Святога Айца, універсітэт – гэта таксама месца, у якім жыве і вывучаецца «культура сустрэчы», «культура дыялога». «Ніколі не бойцеся сустрэчы, дыялога, параўнання, таксама паміж універсітэтамі», — заклікаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што ўніверсітэт – гэта месца навучання салідарнасці – «фундаментальнага элементу для абнаўлення нашых грамадстваў». Паводле Папы, слова «салідарнасць» не належыць толькі да хрысціянскага слоўніка, але да агульначалавечага, хоць сёння існуюць спробы выкрэсліць яго. «Не будзе плёну для краін, грамадстваў, для нашага свету, калі не здолеем быць больш салідарнымі», — адзначыў Святы Айцец. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|