Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ў пасланні на Дзень мігранта і бежанца: свет можа стаць лепшым толькі тады, калі асноўная ўвага засяроджана на асобе
Святы Айцец
24.09.2013 13:46

Святы Айцец скіраваў пасланне на Дзень мігранта і бежанца, які будзе адзначацца 19 студзеня. Папа Францішак назваў «знакам часу» працэсы міграцыі, існуючыя сёння ў глабальным маштабе і «накіраваныя на паляпшэнне ўмоў жыцця чалавечай сям’і» ў эканамічным, палітычным і культурным плане; па словах Пантыфіка, яны дэманструюць імкненне чалавецтва «жыць у адзінстве з павагай да адрозненняў», адкрытасць і гасціннасць, якія дазваляюць справядліва размяркоўваць каштоўнасці планеты, захаванне і ўмацаванне годнасці і цэнтральнага месца кожнага чалавека.

Аднак у з’яве міграцыі, адзначыў Пантыфік, прысутнічае і «таямніца граху»: «дыскрымінацыя, эксплуатацыя, боль і смерць», якія праяўляюцца ў розных формах гандлю людзьмі і нявольніцтва, што кантрастуе з імкненнем мігрантаў да лепшай будучыні «не толькі для сябе, але і для сваіх сем’яў і блізкіх».

Заклік да стварэння «лепшага свету» для Пантыфіка не проста абстрактнае паняцце або нешта недасягальнае. У пасланні Папа называе канкрэтныя мэты, якія стаяць перад чалавецтвам: вызваліцца ад галечы, забеспячыць кожнага сродкамі да існавання, даць доступ да сферы аховы здароўя і магчымасць працы, вызваліцца ад прыгнёту і абразы гонару і годнасці чалавека, зрабіць даступнай адукацыю.

Эканамічны рост, як заўважае Святы Айцец, дасягаецца часта без уліку найбольш уразлівых і безабаронных. Па словах Папы, «свет можа стаць лепшым толькі тады, калі асноўная ўвага засяроджана на асобе»: гаворка ідзе перш за ўсё пра бедных, хворых, зняволеных, патрабуючых. Пантыфік чарговы раз запрасіў «перайсці ад культуры адчужэння да культуры сустрэчы і гасціннасці».

«Мігранты і бежанцы не з’яўляюцца пешкамі на шахматнай дошцы чалавецтва, — падкрэсліў Пантыфік, — гэта дзеці, мужчыны і жанчыны, якія пакідаюць або вымушаны пакінуць свае дамы па розных прычынах, якія маюць тое ж законнае жаданне больш умець, больш мець, але, перш за ўсё, больш быць». «Міграцыйная актыўнасць сёння з’яўляюцца найбуйнейшым за ўсю гісторыю гэтай з’явы перамяшчэннем людзей, калі не народаў», — звярнуў увагу Папа і дадаў, што менавіта таму Касцёл імкнецца зразумець асноўныя прычыны міграцыі, каб пераадолець яе негатыўныя наступствы і паказаць яе станоўчыя эфекты для супольнасцяў.

Святы Айцец заклікаў падысці да працэсу міграцыі па-новаму, справядліва і эфектыўна, што патрабуе, перш за ўсё, духу міжнароднага супрацоўніцтва, глыбокай салідарнасці і спагады. Папа запрасіў знішчыць забабоны адносна мігрантаў, якія часта выклікаюць у мясцовых супольнасцях падазрэнні і варожасць. Тут сваю станоўчую ролю, паводле Пантыфіка, могуць адыграць сродкі масавай інфармацыі: яны павінны ламаць стэрэатыпы і даваць праўдзівую інфармацыю.

Папа нагадаў, што каштоўнасць чалавека вымяраецца не крытэрыямі эфектыўнасці, сацыяльнага статусу, этнічнай ці рэлігійнай прыналежнасці, а тым, што ён створаны на вобраз і падабенства Божае. Таму міграцыя, заўважыў Святы Айцец, — гэта магчымасць новай евангелізацыі, адкрыцця прасторы для развіцця новага чалавецтва, абвешчанага ў пасхальнай таямніцы, чалавецтва, для якога кожная чужая зямля – гэта Бацькаўшчына, а кожная Бацькаўшчына – чужына. Папа заклікаў мігрантаў і бежанцаў не губляць надзеі і запэўніў іх у сваёй малітве.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.