29 верасня Папа Францішак узначаліў Імшу для ўдзельнікаў Міжнароднага катэхетычнага кангрэса і настаўнікаў рэлігіі з нагоды Дзён катэхетаў, якія распачаліся 28 верасня ў рамках Года веры. «Катэхет (…) нясе ў сабе памяць пра Бога, дазваляе Божай памяці весці сябе ў сваім жыцці і ўмее абудзіць яе ў сэрцах іншых людзей», — сказаў Папа ў гаміліі.
Пантыфік назваў сапраўднай небяспекай для сучаснага катэхета ляноту, спачыванне на лаўрах і пошук дабрабыту любым коштам і прывёў прыклад багатага чалавека з нядзельнага Евангелля. «Калі рэчы, грошы, мірскі падыход становяцца цэнтрам жыцця – яны захопліваюць нас, завалодваюць намі, а мы губляем характэрную нам чалавечую тоеснасць: евангельскі багацей не мае імені, гэта проста “багацей”», — сказаў Святы Айцец.
Пантыфік паставіў пытанне: «Чаму людзі, а магчыма і мы, трапляем у небяспеку закрыцця ў сабе, даверу да рэчаў, якія ў канчатковым рахунку крадуць у нас твар, нашу чалавечую прыроду?» Паводле Папы, «гэта адбываецца, калі мы забываемся пра Бога». «Калі няма памяці пра Бога, гэта ўсё абмяжоўваецца да “я”, да майго дабрабыту. Жыццё, свет, іншыя людзі губляюць вартасць, ужо нічога не значаць, усё зводзіцца да аднаго вымярэння – уласнасці», — падкрэсліў Святы Айцец.
Паводле Папы, сучасны катэхет — гэта чалавек, які «абараняе і стымулюе памяць пра Бога», «захоўвае яе ў сабе і мае здольнасць абудзіць яе ў іншых». Сённяшні катэхет, перакананы Пантыфік, павінен быць падобным да Панны Марыі, якая не думала «пра славу, прэстыж, багацце, не замыкалася ў сабе».
Па словах Святога Айца, вера кожнага хрысціяніна павінна ўключаць «памяць аб гісторыі Бога з намі, памяць аб сустрэчы з Богам», вера – гэта «памяць аб Яго слове, якое запальвае сэрца, аб Яго збаўчай дзейнасці, праз якую Ён дае нам жыццё, ачышчае нас, лечыць і сілкуе». Катэхет ніколі не павінен «гаварыць пра сябе, але пра Бога, Яго любоў, Яго вернасць».
Катэхізіс, паводле Папы, — гэта і ёсць «памяць пра Бога, памяць аб Яго дзейнасці ў гісторыі, Яго быцці, якое стала блізкім да нас у Хрысце, прысутным у Яго слове, сакрамэнтах, у Яго Касцёле, у Яго любові». Служэнне катэхета нялёгкае, заўважыў Папа, яно патрабуе намаганняў і ўключэння ў сябе ўсяго жыцця.
Пантыфік заклікаў сабраных на Эўхарыстыі не быць бесклапотнымі, будуючымі сваю бяспеку на сабе і рэчах. Катэхет тады з’яўляецца «чалавекам памяці пра Бога», калі мае пастаянныя і жыватворныя адносіны з Ім і сваім бліжнім; калі сапраўды верыць у Бога і на Ім будуе сваю бяспеку; калі ён – чалавек міласэрнасці і любові, які ўспрымае ўсіх, як братоў; калі са спакоем і надзеяй на Пана перамагае цяжкасці і няўдачы; калі з’яўляецца чалавекам лагодным, здольным да разумення і міласэрнасці.
Папа заклікаў катэхетаў старацца быць людзьмі, якія захоўваюць памяць пра Бога ў сваім жыцці і намагаюцца абудзіць яе ў сэрцах іншых. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|