Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: свет працягвае мець патрэбу ў міры, і заклік «Pacem in terris» застаецца актуальным
Святы Айцец
03.10.2013 15:31

«Нягледзячы на тое, што ўпалі муры і бар’еры, свет працягвае мець патрэбу ў міры, а заклік “Pacem in terris” застаецца вельмі актуальным», — падкрэсліў Папа Францішак, прымаючы 3 кастрычніка на аўдыенцыі каля 300 удзельнікаў пасяджэння Папскай рады «Iustitia et pax», якія прыбылі ў Рым з розных краін свету з нагоды 50-годдзя энцыклікі Яна ХХІІІ «Pacem in terris» («Мір на зямлі»). У сустрэчы прыняў удзел таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Звяртаючыся да сабраных у Клементыйскай зале Апостальскага Палаца, Папа адзначыў, што «Провід пажадаў», каб гэтая сустрэча адбылася неўзабаве пасля абвяшчэння аб кананізацыі Яна XXIII. Менавіта гэты Папа, як сказаў Пантыфік, кінуў зерне міру, якое прынесла плён у эпоху іншага благаслаўлёнага, Яна Паўла ІІ, і адкрыла прастору свабоды і дыялога. Аднак сёння, на жаль, яго заклік аб міры на зямлі працягвае заставацца актуальным.

Гаворачы пра фундаменты будавання міру, Святы Айцец падкрэсліў, што яны палягаюць на Боскім паходжанні чалавека, грамадства і ўлады, якія павінны натхняцца справядлівасцю і салідарнасцю. «Гледзячы на нашу рэальнасць, я пытаюся, ці зразумелі мы ўрок “Pacem in terris”. Я пытаюся: ці словы „справядлівасць“ і „салідарнасць“ уваходзяць у наш слоўнік і ці ўсе працуюць, каб яны сталі рэальнасцю? Энцыкліка бл. Яна ХXІІІ нагадвае нам ясна, што сапраўдныя мір і гармонія немагчымыя, калі не працуем на карысць справядлівага і салідарнага грамадства, калі не перамагаем эгаізм, індывідуалізм, групавыя і рознаўзроўневыя інтарэсы», — сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што трывалы мір залежыць ад свабоднага доступу ўсіх людзей да самага неабходнага: ежы, вады, жылля, медыцынскай дапамогі, адукацыі, магчымасці ствараць і ўтрымліваць сям’ю, і адзначыў, што ўсведамленне гэтага ўжо ўвайшло ў свядомасць людзей. «Але ці стала гэта рэальнасцю?» — спытаў Папа.

Паводле Святога Айца, сусветны эканамічны крызіс – гэта «цяжкі сімптом недахопу павагі да чалавека і да праўды, з якім прымаліся рашэнні з боку ўрадаў і грамадзян», а энцыкліка «Pacem in terris» заклікае да пераасэнасавання нашай мадэлі развіцця і дзейнасці, каб наш свет стаў светам міру.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.