Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ў дзіцячым цэнтры «Інстытут Серафіко» ў Асізі: Езус схаваны ў гэтай моладзі, гэтых дзецях
Святы Айцец
04.10.2013 12:25

4 кастрычніка Папа Францішак распачаў душпастырскі візіт у Асізі – на радзіму апекуна свайго Пантыфікату св. Францішка Асізскага. Гэта ўжо чацвёртае Апостальскае падарожжа Папы. Каля 7.30 раніцы верталёт з Пантыфікам прызямліўся на тэрыторыі спартыўнага поля дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра «Інстытут Серафіко» ў Асізі.

Папу прывіталі прадстаўнікі мясцовых касцёльных і грамадзянскіх уладаў, затым ён накіраваўся ў капліцу цэнтра, каб сустрэцца з хворымі дзецьмі і дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі, якія праходзяць там лячэнне. Пантыфік прысвяціў час кожнаму з прысутных: размаўляў з імі, абдымаў і цалаваў. Многія дзеці і бацькі, якія іх суправаджалі, не хавалі слёз.

«Мы знаходзімся сярод ранаў Езуса», — сказаў Пантыфік. «Гэтыя раны маюць патрэбу ў тым, каб быць выслуханымі, быць прызнанымі», — падкрэсліў Папа і дадаў, што яму ўзгадваецца евангельскае апавяданне пра тое, як Езус крочыў разам з дзвюма сумнымі вучнямі. Яны пазналі Пана толькі тады, калі Ён паказаў ім свае раны.

Святы Айцец звярнуў увагу сабраных на тое, што ў капліцы, дзе яны знаходзіліся, праводзяцца эўхарыстычныя адарацыі. «Таксама і хлеб мае патрэбу ў тым, каб быць выслуханым, таму што Езус у ім прысутны і схаваны за прастатой і сціпласцю хлеба. І тут Езус схаваны ў гэтай моладзі, гэтых дзецях, у гэтых асобах. На алтары мы ўшаноўваем Цела Хрыста, а ў іх знаходзім раны Езуса», — падкрэсліў Папа і адзначыў, што Езус схаваны ў Эўхарыстыі, схаваны таксама і ў ранах гэтых дзяцей. «Яны маюць патрэбу ў тым, каб быць выслуханымі... Магчыма, не столькі часопісамі, як навіны... Гэта слуханне мінае праз адзін-два-тры дні, а затым прыходзяць новыя і новыя... Яны павінны быць выслуханы тымі, хто называе сябе хрысціянамі», — сказаў Папа.

Развітаўшыся з сабранымі ў «Інстытуце Серафіко», Пантыфік дзейсніў прыватны візіт у санктуарый св. Даміяна, які знаходзіцца на ўскраіне Асізі і вядомы тым, што менавіта ў ім св. Францішак пачуў голас Хрыста: «Ідзі і адбудуй дом Мой».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.