Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падчас Імшы ў Асізі: будзем паважаць стварэнне, не будзем прыладамі разбурэння!
Святы Айцец
04.10.2013 13:52

Кульмінацыйным момантам візіту Святога Айца ў Асізі 4 кастрычніка стала Эўхарыстыя на плошчы св. Францішка. Па прыбыцці на яе Папа накіраваўся ў базыліку, каб памаліцца каля магілы «рыцара Панны беднасці». Паводле Пантыфіка, першае, чаму св. Францішак вучыць нас сёння, – «жывыя адносіны з Асобай Езуса», тое, як «апрануцца ў Яго», «стаць падобным да Яго».

Папа нагадаў, што шлях св. Францішка да Езуса пачаўся з таго моманту, як Хрыстус паглядзеў на яго з крыжа. Гэты крыж захаваўся да сённяшняга дня, і на ім Езус не прадстаўлены памерлым, але жывым, з адкрытымі вачыма. «Кроў сцякае з Яго ран на руках, нагах і з боку, але гэтая кроў выражае жыццё», — сказаў Пантыфік і падкрэсліў, што «ўкрыжаванне не кажа нам пра паразу, упадак: яно парадаксальным чынам кажа пра смерць, якая з’яўляецца жыццём, нараджае жыццё, бо кажа нам пра любоў», якая перамагае зло і смерць. «Хто дазваляе Укрыжаванаму Езусу глядзець на нас, той будзе створаны нанова, стане “новым стварэннем”», — адзначыў Папа і заклікаў прасіць св. Францішка навучыць заставацца пад позіркам Укрыжаванага.

Другі аспект, на які звярнуў увагу Папа, датычыўся супакою: хто ідзе за Хрыстом, атрымлівае сапраўдны супакой, які толькі Ён, а не свет, можа даць. Пантыфік нагадаў, што св. Францішак часта асацыіруецца з супакоем, але гэты супакой не з’яўлецца «салодкімі сантыментамі». «Гэтага для св. Францішка не існуе! Таксама як і пэўнага кшталту пантэістычнай гармоніі з энергіямі космаса. Таксама і гэта не францішканскае, але ідэя, якую нехта пабудаваў. Супакой св. Францішка — гэта супакой Хрыста, а знаходзіць яго той, хто бярэ на сябе “цяжар” – гэта значыць Яго запаведзь: любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Гэты цяжар нельга насіць з высакамернасцю, прэзумцыяй, пыхай, а толькі са сціпласцю і сардэчнай пакорай», — сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што св. Францішак сведчыў аб павазе да ўсяго, што Бог стварыў, але перш за ўсё аб павазе і любові да кожнага чалавека. «З гэтага Гораду супакою паўтараю з сілай і пакорай у сэрцы: будзем паважаць стварэнне, не будзем прыладамі разбурэння!» — сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў таксама спыніць узброенныя канфлікты і дазволіць любові заняць месца нянавісці, прабачэнню – месца нападак, адзінству – месца падзелаў. «Паслухаем вокліч тых, хто плача, пакутуе, гіне з прычыны насілля, тэрарызму ці вайны на Святой Зямлі, так любімай св. Францішкам, у Сірыі, на усім Блізкім Усходзе, у свеце», —  заклікаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.