Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да дыяцэзіяльнага сінода Асізі: важна прабываць у пастаянным слуханні Божага слова
Святы Айцец
04.10.2013 17:14

У межах візіту ў Асізі 4 кастрычніка Папа Францішак сустрэўся ў катэдральным касцёле св. Руфіна з прадстаўнікамі дыяцэзіяльнага сінода Асізі: духавенствам, кансэкраванымі асобамі і членамі душпастырскіх радаў. Звяртаючыся да іх, Пантыфік падкрэсліў, што неабходна слухаць Езуса і быць антэнамі, настроенымі на Божае слова, каб прымаць і перадаваць яго.

Паводле Святога Айца, для Касцёла важна прабываць у пастаянным слуханні Божага слова, бо яно «ўмацоўвае веру, насычае яе і адраджае». “«Гэтае слова кранае сэрцы, навяртае іх да Бога і да Яго логікі, такой адметнай ад нашай; гэтае слова пастаянна абнаўляе нашы супольнасці», — сказаў Папа і дадаў, што слуханне Божага слова важна для святароў і бацькоў. «Я думаю аб катэхетах, аб усіх выхавацелях: калі іх сэрцы не разагрэты словам, як могуць разагрэць сэрцы іншых, дзяцей, моладзі, дарослых?» — спытаў Пантыфік.

Пап прызнаўся, што, калі ён думае пра хрысціян і Касцёл, яму прыходзіць у галаву слова «крочыць». Паводле Святога Айца, яно асабліва трапна гучыць у кантэнсце сустрэчы з прадстаўнікамі дыяцэзіяльнага сінода, бо само слова «сінод» азначае «крочыць разам». Папа нагадаў пра важнасць сумеснага крочання, супрацоўніцтва, узаемнай дапамогі, перапрашэння, прызнання ўласных памылак, але таксама прыняцця прабачэння іншых. «Як важна гэта!» — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец таксама адзначыў, што важным для дыяцэзіяльнай супольнасці з’яўляецца місійны аспект: абвяшчаць аж да перыферый, якімі з’яўляюцца не толькі самыя далёкія куткі дыяцэзіі, але і людзі, якія знаходзяцца ў яе «цэнтры», але духоўна вельмі далёкія. «Не бойцеся выйсці і ісці насустрач гэтым асобам, гэтым сітуацыям», — заклікаў Папа.

Пасля Пантыфік завітаў у базыліку св. Клары, дзе ў цішыні памаліўся перад крыжам св. Даміяна, які захоўваецца тут.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.