Каля 12 тысяч юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у сустрэчы з Папам Францішкам 4 кастрычніка на плошчы перад базылікай Панны Марыі Анёльскай у Асізі. Напачатку Папа памаліўся ў гэтай святыні, а затым выйшаў да моладзі, каб адказаць на некаторыя пытанні.
Першае з пытанняў тычылася паклікання да сужэнства. Папа падкрэсліў, што яно з’яўляецца сапраўдным пакліканнем, як пакліканне да святарства ці манаскага жыцця. Пантыфік заклікаў давяраць Богу і не баяцца цяжкасцяў. «Падумаем пра нашых бацькоў, дзядуляў і бабуль: яны жаніліся ва ўмовах, бяднейшых за нашы, некаторыя ў часы вайны ці пасляваенныя; некаторыя былі эмігрантамі, як мае бацькі. Дзе яны знаходзілі сілы? Ва ўпэўненасці, што Пан з імі, што сям’я – благаслаўлёная Богам праз сакрамэнт сужэнства і што місія нараджэння дзяцей і іх выхавання благаслаўлёная. З гэтай упэўненасцю яны перамагалі нават самыя цяжкія выпрабаванні», — сказаў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што сёння грамадства аддае перавагу індывідуальным правам, адносінам, які трываюць, пакуль не пачынаюцца цяжкасці, і таму часам пра пару, сям’ю і сужэнства кажуць павярхоўна і недарэчна. «Дастаткова паглядзець некаторыя тэлевізійныя праграмы!» — сказаў Пантыфік.
Папа адзначыў каштоўнасць шматлікіх касцёльных ініцыятываў, якія дапамагаюць моладзі лепш падрыхтавацца да сужэнства і якія арыентаваны на ўсіх: маладых людзей у пошуку, пар у крызісе, бацькоў у цяжкасцях з дзецьмі. «Фантазія Святога Духа бясконцая і вельмі канкрэтная!» — сказаў Папа і заклікаў не баяцца рабіць рашучых крокаў у жыцці, да якіх адносіцца сужэнства.
Пантыфік падзяліўся: «Колькі разоў я чуў маці, якія мне казалі: “Ойча, я маю сына, якому 30 гадоў, але ён не жэніцца: не ведаю, што рабіць! Мае прыгожую нарачоную, але не вырашаецца». «Спадарыня, не прасуйце яму больш кашулі! Вось так!» — пажартаваў Папа.
Святы Айцец заклікаў моладзь паглыбляць сваю любоў, маліцца, добра рыхтавацца да сужэнства і мець давер да Пана, які ніколі не пакіне: «Дазвольце Яму ўвайсці ў ваш дом, як аднаму з членаў сям’і. Ён вас падтрымае заўсёды».
Пантыфік заклікаў моладзь не баяцца таксама паклікання да цэлібата і дзявоцтва дзеля Валадарства Нябеснага, на пачатку якіх заўсёды знаходзіцца моцны досвед сустрэчы з Богам, «сустрэчы, якая не забываецца».
Папа нагадаў моладзі пра важнасць удзелу ў грамадскім жыцці і пра тое, што Евангелле тычыцца не толькі рэлігійнага жыцця, але і ўсяго чалавека, свету, грамадства і цывілізацыі. «Тут, у Асізі, побач з Парцынкулай, мне здаецца, што чую голас св. Францішка, які паўтарае: “Евангелле, Евангелле!” Ён кажа гэта таксама мне, нават, у першую чаргу мне: Папа Францішак, будзь слугой Евангелля! Калі я не здолею быць слугой Евангелля, маё жыццё не каштуе нічога», — падзяліўся Святы Айцец.
Пасля сустрэчы з моладдзю Папа накіраваўся ў санктуарый Рыварота – месца, у якім некаторы час жыў св. Францішак пасля таго, як пакінуў бацькоўскі дом. Затым Пантыфік развітаўся з прадстаўнікамі касцёльных і свецкіх уладаў рэгіёна Умбрыя і вылецеў у Ватыкан. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|