Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Быць працягам маёй рукі, каб несці пяшчоту патрабуючым»: Папа накіраваў Апостальскага элемазінарыя на Лампедузу, каб падтрымаць ахвяр караблекрушэння
Святы Айцец
07.10.2013 13:34

Папа Францішак накіраваў Апостальскага элемазінарыя арцыбіскупа Конрада Краеўскага на італьянскі востраў Лампедуза, каб выказаць сваю салідарнасць з ахвярамі нядаўняга караблекрушэння і праз свайго прадстаўніка аказаць ім неабходную дапамогу. 3 кастрычніка каля берагоў вострава загінулі больш за 100 выхадцаў з Афрыкі, якія спрабавалі патрапіць у Італію праз Міжземнае мора.

Арцыбіскуп Краеўскі прыбыў на Лампедузу разам з арцыбіскупам Франчэска Монтэнэгра з Сіцыліі. Яны сустрэліся з мясцовым пробашчам і памаліліся над целамі загінуўшых эмігрантаў.

На працягу мінулага тыдня Папа некалькі разоў звяртаў увагу на недапушчальнасць паўтарэння падобных трагедый. Праз некалькі гадзін пасля караблекрушэння, калі стала вядома прыблізная колькасць загінуўшых, Пантыфік сказаў: «Мне прыходзіць на розум слова сорам. Гэта сорам!» Папа заклікаў «аб’яднаць сілы, каб не дапусціць паўтарэння падобных трагедый». Падчас візіту ў Асізі 4 кастрычніка, Святы Айцец адзначыў, што свет «не хвалюе існаванне людзей, якія павінны ўцякаць ад рабства, голаду, шукаючы свабоды».

6 кастрычніка падчас малітвы «Анёл Панскі» Папа заклікаў маліцца за ахвяраў трагедыі. «Я хачу нагадаць вам аб людзях, якія згубілі жыццё каля Лампедузы ў мінулы чацвер. Памолімся ў цішыні за гэтых нашых братоў і сясцёр: жанчын, мужчын і дзяцей! Дазволім нашым сэрцам плакаць. Памолімся моўчкі», — сказаў Пантыфік.

Прысутнасць на востраве Апостальскага элемазінарыя, асобы, якая ад імя Папы апякуецца патрабуючымі, сведчыць аб тым, што заклікі Святога Айца набываюць форму канкрэтных дзеянняў на карысць пакутуючых і патрабуючых дапамогі.

Па словах арцыбіскупа Краеўскага, калі Святы Айцец размаўляў з ім пра заданні элемазінарыя, то сказаў: «Ты не будзеш біскупам, які сядзіць за сталом, і я не жадаю цябе бачыць за маімі плячыма падчас цэлебрацый. Я хачу цябе бачыць сярод людзей. Ты павінен быць працягам маёй рукі, каб несці пяшчоту бедным, патрабуючым, пакорным». Пантыфік прызнаўся ў размове з польскім іерархам, што ў Буэнас-Айрэсе часта выходзіў па вечарах наведваць бедных. «Зараз больш не магу: для мяне цяжка выходзіць з Ватыкана, — сказаў элемазінарыю Папа. — Таму ты зробіш гэта за мяне – будзеш працягам майго сэрца, якое іх дасягне і прынясе ўсмешку і міласэрнасць нябеснага Айца».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.