Папа прыняў рашэнні па беатыфікацыйных і кананізацыйных справах |
Святы Айцец
|
11.10.2013 13:14 |
Папа Францішак прыняў рашэнне пашырыць літургічны культ Анджэлы да Фаліньё, благаслаўлёнай, якая жыла на пераломе ХІІІ–ХІV стагоддзяў, на ўвесь Паўсюдны Касцёл і далучыць яе да ліку святых. Гэтыя і іншыя рашэнні Святога Айца сталі вядомыя па выніках яго сустрэчы з Прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардыналам Анджэло Амата.
Таксама Папа зацвердзіў цуд праз пасрэдніцтва Слугі Божай Марыі Асунты Кацярыны Маркеці, сузаснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр місіянерак св. Карла, якая жыла на пераломе XVIII–XIX стагоддзяў.
Пантыфік пацвердзіў гераічнасць цнотаў благаслаўлёнага з ХІІІ ст. Амата Ранконі, заснавальніка шпіталя-хоспіса для бедных пілігрымаў у італьянскай дыяцэзіі Рыміні, а таксама шасці Слуг Божых: італьянскага арцыбіскупа Пія Альберта дэль Кароны, заснавальніка Кангрэгацыі сясцёр дамініканак Святога Духа; Марыі Элізабэты Тургеон з Канады, заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Ружанцовай св. Германа; сястры Марыі ад св. Францішка Уілсана, якая нарадзілася ў Індыі і працавала ў Партугаліі, заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр францішканак Маці Божай Пераможнай; італьянкі сястры Марыі Элеаноры Джорджы з Кангрэгацыі слуг Беззаганнай Марыі Балеснай з Фларэнцыі і свецкага верніка Аціліо Лучыяно Джардані, які нарадзіўся ў Італіі і працаваў у Бразіліі. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|