Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа прыняў дэлегацыю яўрэйскай супольнасці ў 70-годдзе дэпартацыі з Рыма
Святы Айцец
11.10.2013 14:45

11 кастрычніка Святы Айцец прыняў дэлегацыю рымскіх яўрэяў, якія адзначаюць у гэтыя дні 70-годдзе дэпартацыі з Вечнага горада. Папа Францішак прызнаўся, што, як Біскуп Рыма, адчувае сябе «асабліва блізкім да жыцця яўрэйскай супольнасці Вечнага горада».

Як адзначыў Папа, «парадаксальна, але агульная трагедыя вайны навучыла нас ісці разам». Праз некалькі дзён католікі будуць узгадваць і маліцца за ахвяр дэпартацыі яўрэйскага насельніцтва з Рыма. Пантыфік заўважыў, што сумны юбілей нагадвае таксама аб адкрытасці хрысціянскай супольнасці горада, якая ў годы фашысцкага і нацысцкага панавання аказала падтрымку братам у бядзе.

«Мы ведаем, наколькі шматлікія манаскія кангрэгацыі, кляштары і папскія базылікі, паводле волі Папы, адкрылі свае дзверы для братэрскага прыёму і колькі звычайных хрысціян прапанавала сваю пасільную дапамогу», — нагадаў Пантыфік і дадаў, што ім не перашкаджала тое, што ў пераважнай большасці яны не ведалі «пра неабходнасць абнаўлення хрысціянскага разумення юдаізму і, магчыма, увогуле вельмі мала ведалі пра жыццё яўрэйскай супольнасці» — «яны проста знайшлі ў сабе сілы зрабіць тое, што ў той час было правільным: абараніць свайго брата, які быў у небяспецы».

Папа падкрэсліў, што важна, калі існуе тэалагічны дыялог, але і важна, калі ёсць «дыялог жыцця» і «паўсядзённага досведу»: «без гэтага, без рэальнай і канкрэтнай культуры сустрэчы, што прыводзіць да сапраўдных адносін, без забабонаў і падазрэнняў, у інтэлектуальнай сферы мала чаго можна дасягнуць».

Святы Айцец паабяцаў, што будзе старацца ўносіць свой уклад у «блізкасць і сяброўства» паміж католікамі і юдэямі. «Сярод многіх рэчаў, якія могуць аб’ядноўваць нас, ёсць сведчанне праўды дзесяці запаведзяў, Дэкалогу, трывалай асновы і крыніцы жыцця для нашага грамадства, настолькі дэзарыентаванага экстрэмальным плюралізмам выбару і арыентацыі і пазначанага рэлятывізмам, які нясе з сабой адсутнасць цвёрдых і бяспечных пунктаў адліку», — сказаў Папа, цытуючы свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI.

На заканчэнне Святы Айцец падзякаваў прадстаўнікам яўрэйскай супольнасці Рыма за іх візіт і выказаў надзею на «агульнае падарожжа сяброўства і даверу».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.