Святы Айцец зрабіў падарунак рымскаму «Caritas» |
Святы Айцец
|
12.10.2013 17:29 |
Папа Францішак перадаў рымскаму аддзяленню дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» матацыкл «Harley Davidson», які быў яму падараваны прадстаўнікамі гэтай амерыканскай кампаніі ў чэрвені з нагоды 110-й гадавіны яе заснавання. Матацыкл будзе выстаўлены на аўкцыён, а грошы, выручаныя з яго продажу, пойдуць на рэстаўрацыю хостэла «Don Luigi di Liegro», які належыць рымскаму «Caritas».
Хостэл штодзённа аказвае дапамогу каля тысячы чалавек. «Каштоўны дар, які яшчэ раз напаўняе нас шчасцем праз адчуванне блізкасці нашага біскупа да бедных Касцёла ў Рыме. За гэта мы глыбока ўдзячныя Папу Францішку», — з такімі словамі дырэктар рымскага «Caritas» кс. прэлат Энрыко Ферочы прыняў дар Святога Айца.
Аб незвычайным падарунку Пантыфіка святар паведаміў падчас прэс-канферэнцыі 12 кастрычніка, на якой адбылося прадстаўленне праекту рэстаўрацыі двух цэнтраў для дапамогі бедным у Рыме. Святар запэўніў Папу, што бедныя, з якімі ён будзе цэлебраваць святую Імшу кожную нядзелю, «працягнуць падтрымліваць малітвай каштоўную працу, якую ён здзяйсняе ў вінаградніку Пана». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|