14 кастрычніка Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай рады па новай евангелізацыі. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 50 чалавек. Звяртаючыся да іх, Пантыфік падкрэсліў, што сёння асабліва патрэбны пераканаўчыя сведкі, якія жыццём, а таксама словам зробяць бачным Евангелле, абудзяць захапленне Езусам Хрыстом.
«Вера – гэта дар Божы, але важна, каб мы, хрысціяне, дэманстравалі канкрэтны спосаб жыцця ёю, праз любоў, згоду, радасць, пакуты, таму што гэта выклікае пытанні, як на пачатку існавання Касцёла: “Чаму яны жывуць так? Што іх падштурхоўвае?”» — сказаў Папа.
Па словах Святога Айца, неабходна працягваць пазбаўляцца ад «непатрэбных і шкодных рэчаў, фальшывых марных бяспек, якія абцяжарваюць Касцёл і шкодзяць яго сапраўднаму абліччу».
«Ёсць патрэба ў хрысціянах, якія зробяць бачнай для людзей міласэрнасць Бога, Яго пяшчотнасць да кожнага стварэння (...) Таму новая евангелізацыя (...) не можа не карыстацца мовай міласэрнасці, якая ў першую чаргу складаецца з жэстаў і паводзін, а ўжо затым словаў», — сказаў Папа, дадаўшы, што ўсе павінны спытаць сябе: ці тыя, каго сустракаем, адчуваюць у нашым жыцці цяпло веры, ці бачаць у нашых абліччах радасць сустрэўшых Хрыста?
Пантыфік адзначыў, што для Касцёла важна выходзіць на сустрэчу з іншымі, асабліва тымі, хто згубіў веру, мае іншую або думае інакш. «Існуе патрэба ў кіслародзе Евангелля, подыху Духа Уваскрослага Хрыста, які зноў запаліць сэрцы», — сказаў Святы Айцец.
У планаванні новай евангелізацыі Пантыфік заклікаў не губляцца ў другасных і павярхоўных рэчах, а «канцэнтравацца на фундаментальнай рэальнасці, якой з’яўляецца сустрэча з Хрыстом, Яго міласэрнасцю і любоўю, а таксама любоў да братоў, якой Ён палюбіў нас».
«Мы можам спытаць сябе: якім з’яўляецца душпастырства ў нашых дыяцэзіях і парафіях? Ці робіць яно бачным самае галоўнае? Розныя досведы, характарыстыкі, ідуць разам у гармоніі, якую дарыць Святы Дух? Ці наша душпастырства дысперсіўнае, фрагментарнае, у якім, напрыканцы, кожны ідзе куды хоча?» — спытаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў важнасць катэхізацыі, як моманту евангелізацыі: «Гэта каштоўнае служэнне для новай евангелізацыі, якое ажыцяўляюць катэхеты, і важна, каб бацькі былі першымі катэхізатарамі, першымі настаўнікамі веры ва ўласнай сям’і, праз сведчанне і слова». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|