15 кастрычніка Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўнікоў і супрацоўнікаў Дзяржаўнага Сакратарыяту з нагоды сыходу кардынала Тарчызіо Бэртонэ з пасады Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці і ўступлення на гэтую пасаду арцыбіскупа Пьетро Параліна.
Папа выказаў удзячнасць кардыналу Бэртонэ за яго доўгае служэнне і падкрэсліў, што ў яго працы яскрава прасочваецца салезіянская духоўнасць. «Я бачу ў Вас перш за ўсё сына ксяндза Боско, — сказаў Пантыфік. — Думаючы пра Ваша доўгае служэнне Касцёлу, навучанне, як у служэнні дыяцэзіяльным біскупам і працы ў курыі аж да пасады Дзяржсакратара, мне здаецца, што чырвоная лінія цягнецца менавіта ад салезіянскага паклікання, якое Вас азначыла, яшчэ з ранняга дзяцінства, і прывяло да выканання ўсіх атрыманых заданняў з глыбокай любоўю да Касцёла, вялікай шчодрасцю і гэтай тыповай салезіянскай сумессю, якая аб’ядноўвае шчыры дух паслухмянасці і вялікую свабоду ініцыятывы і асабістай вынаходлівасці».
Святы Айцец дадаў, што для кожнага салезіяніна любоў да Касцёла выражаецца асаблівым чынам у любові да Наступніка св. Пятра.
«І тут я падыходжу да другога аспекту, які хачу падкрэсліць: безумоўная вернасць і абсалютная лаяльнасць да Пятра, неад’емная характарыстыка Вашага прабывання на пасадзе Дзяржаўнага Сакратара, як да Бэнэдыкта XVI, так і да мяне ў гэтыя месяцы», — сказаў Папа, звяртаючыся да іерарха.
Пантыфік таксама падзякаваў за адвагу і цярплівасць, з якімі кардынал Бэртонэ сустракаў перашкоды. «Іх шмат», — адзначыў Папа і параўнаў гэты шлях з пераходам праз ружовы куст: тыя, хто глядзяць на яго звонку, бачаць толькі ружы, а хто знаходзіцца ўнутры, адчуваюць таксама ўколы шыпоў.
«Дарагі кардынал Бэртонэ, у гэты момант мне прыемна думаць, што нават калі былі і шыпы, Панна Успамогі, канешне, давала сваю неабходную падтрымку і будзе даваць яе ў будучыні: будзьце ўпэўнены», — сказаў Святы Айцец.
Завочна вітаючы новага Дзяржсакратара арцыбіскупа Пьетро Параліна, які не прысутнічаў на сустрэчы па прычыне нядаўна перанесенай аперацыі, Папа адзначыў, што ён «вельмі добра ведае сям’ю Дзяржаўнага Сакратарыяту, працаваў тут на працягу многіх гадоў, з адданасцю, кампетэнцыяй, здольнасцю да дыялога і чалавечнасцю, якая з’яўляецца яго характарыстыкай». «У пэўным сэнсе – гэта як вяртанне “дадому”», — дадаў Пантыфік. У сваю чаргу кардынал Бертонэ звярнуўся да сабраных з прамовай, у якой узгадаў аб самых памятных момантах, перажытых на працягу сямі гадоў працы побач з Бэнэдыктам XVI і амаль шасці месяцаў з Папам Францішкам. «Тое, што нас запальвала ў Папу Бэнэдыкце, — гэта бачанне Касцёла, які глыбока разумее сябе як супольнасць і ў той жа час здольны прамаўляць да свету, да сэрцаў і розумаў кожнага, з яснасцю навучання і вышынёй думкі», — сказаў кардынал.
Іерарх патлумачыў, што мае на ўвазе уклад Пантыфіка ў развязанне «вялікіх вузлоў» адносін паміж верай і розумам, правам і натуральным законам, а таксама ў абнаўленне дыялога з яўрэямі і мусульманамі.
Для сыходзячага Дзяржсакратара Бэнэдыкт XVI быў «рэфарматарам сумленняў і духавенства», які сам пакінуў Пятровае служэнне, калі Пан натхніў яго, «пасля разважання і моцнай малітвы», пасля прашэсця шляху, пазначанага як вялікімі душпастырскімі праектамі, так і пакутамі. Бэнэдыкт XVI, па словах кардынала, «глыбока пакутаваў за грахі, якія зневажалі аблічча Касцёла, і таму даў новае заканадаўства, якое рашуча ўдарала па ганебным феномене педафіліі сярод духавенства, не забываючы пра ўвядзенне новых законаў ў эканамічнай і адміністратыўнай сферы».
Характарызуючы Пантыфікат Папы Францішка, кардынал адзначыў, што ён не ідзе ў разрыве з папярэднім: «Я бачу сёння ў Папу Францішку не столькі рэвалюцыю, колькі працягласць з Папам Бэнэдыктам, хоць з адметнасцю ў акцэнтах і сегментах асабістага жыцця».
Іерарх дадаў, што абодвух Пантыфікаў аб’ядноўвае любоў да Панны Марыі. Менавіта Марыя, па словах кардынала Бэртонэ, павінна дапамагчы Папу Францішку і новаму Дзяржсакратару арцыбіскупу Параліну развязаць вузлы, якія яшчэ перашкаджаюць Касцёлу быць у Хрысце сэрцам свету, «жаданым гарызонтам», які «бесперапынна клічуць».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|