Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Папы на Сусветны дзень харчавання: голад і недаяданне ніколі не могуць лічыцца нармальнай з’явай
Святы Айцец
16.10.2013 16:16

16 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень харчавання. Гэта адбываецца з 1945 г., з дня заснавання Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО). Сёння ў яе рымскай сядзібе прайшла цырымонія адкрыцця Сусветнага дня харчавання, на якой было зачытана пасланне Папы Францішка.

Пантыфік у пасланні адзначыў, што гэты дзень нагадвае пра «адзін з самых сур’ёзных выклікаў для чалавецтва». Гаворка ідзе пра «трагічны стан», у якім жывуць мільёны галадаючых і недаядаючых на планеце, сярод якіх вялікая колькасць дзяцей, і гэта адбываецца ў час, які характарызуецца беспрэцэдэнтным прагрэсам у розных галінах навукі. «Гэта скандал, што ў свеце яшчэ існуюць голад і недаяданне!» — напісаў Папа, дадаўшы, што гэтая праблема кідае выклік асабістаму і грамадскаму досведу.

Пантыфік назваў парадоксам, што ў сучасным свеце, адзначаным глабалізацыяй, «пашыраецца тэндэнцыя да індывідуалізму і замкнёнасці ў сабе, што прыводзіць да абыякавага стаўлення, на асабістым узроўні, узроўні ўстаноў і дзяржаў, да тых, хто памірае ад голаду або пакутуе ад недаядання, як быццам бы гэта быў непазбежны факт».

«Голад і недаяданне, — падкрэсліў Святы Айцец, — ніколі не могуць лічыцца нармальнай з’явай». «Нешта павінна змяніцца ў нас саміх, у нашай свядомасці, у нашых грамадствах», — лічыць Папа, адзначаючы, што ёсць выхад з гэтай сітуацыі: трэба зламаць бар’еры індывідуалізму і замкнёнасці ў сабе, «рабства прыбытку любым коштам», і не толькі ў чалавечых адносінах, але і ў сусветнай эканамічнай і фінансавай дынаміцы. Папа заўважыў, што ў многіх краінах былі зроблены крокі ў гэтым напрамку, «але мы ўсё яшчэ далёкія ад свету, дзе кожны можа жыць у годных умовах».

Пантыфік заклікаў людзей «змяніць лад жыцця» і адмовіцца ад «разбазарвання ежы». Вялікая колькасць харчовых адходаў, якая назіраецца сёння, з’яўляецца адным з плёнаў «культуры адходаў», лічыць Папа. Вынікам з’яўляецца «глабалізацыя абыякавасці», дзякуючы якой чалавек паволі «прызвычайваецца» да пакутаў іншых і пачынае лічыць іх нечым нармальным. Пытанне голаду і недаядання — гэта не толькі эканамічная або навуковая праблема, але перш за ўсё этычная і антрапалагічная, адзначае Пантыфік. Чалавек і яго годнасць — гэта стаўпы, на якіх трэба будаваць агульныя правілы і структуры эканамічных адносін, і тут важную ролю, па словах Папы, адыгрывае сям’я, якая «з’яўляецца першай адукацыйнай супольнасцю, што навучае клопату аб дабры іншых, любові да гармоніі стварэння, адказнаму карыстанню і дзяленню, рацыянальнаму спажыванню».

Папа назваў Сусветны дзень харчавання не проста штогадовым мерапрыемствам, але рэальнай магчымасцю даць адпаведны адказ на праблемы голаду і недаядання, а таксама на іншыя пытанні, якія ўплываюць на годнасць кожнага чалавека.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.