Папа Францішак і Махмуд Абас абмеркавалі сітуацыю на Блізкім Усходзе |
Святы Айцец
|
17.10.2013 16:18 |
17 кастрычніка Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Дзяржавы Палесціна Махмуда Абаса, які затым сустрэўся з Сакратаром па адносінах з дзяржавамі арцыбіскупам Дамінікам Мамбэрці. У ходзе размовы абмяркоўвалася сітуацыя на Блізкім Усходзе і аднаўленне перамоў паміж ізраільцянамі і палесцінцамі.
Выказвалася пажаданне, каб гэты працэс прынёс чаканыя плёны для справядлівага і трывалага вырашэння канфлікту, канец якога з’яўляецца ўсё больш неабходным і тэрміновым. Для гэтага неабходна, каб бакі пры падтрымцы міжнароднай супольнасці прынялі адважныя рашэнні на карысць міру.
Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы выказалі глыбокую заклапочанасць сітуацыяй у Сірыі. Падкрэслівалася, што тут логіка насілля павінна саступіць месца логіцы дыялогу і прымірэння.
Падчас размовы пра двухбаковыя дыпламатычныя адносіны было выказана задавальненне прагрэсам у працы над глабальным пагадненнем, якое будзе тычыцца асноўных аспектаў жыцця і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Палесціне.
Суразмоўцы абмеркавалі сітуацыю хрысціянскіх супольнасцяў на палесцінскіх тэрыторыях і на ўсім Блізкім Усходзе, падкрэсліваючы значны ўклад, які яны ўносяць у супольнае дабро рэгіёна. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|