19 кастрычніка Папа Францішак сустрэўся з мецэнатамі мастацтва Ватыканскіх музеяў. Група «Patrons of the Arts in the Vatican Museums» падтрымлівае захаванне і ўвекавечанне ўнікальнай калекцыі твораў мастацтва, якія належаць да ватыканскіх фондаў. Сёлета асацыяцыя адзначае 30-годдзе існавання.
Папа адзначыў, што за апошнія тры дзесяцігоддзі мецэнаты «ўнеслі выдатны ўклад у аднаўленне шматлікіх скарбаў мастацтва, якія захоўваюцца ў калекцыі Ватыкана, і, у больш шырокім сэнсе, у здзяйсненне рэлігійнай, мастацкай і культурнай місіі музеяў». Пантыфік дадаў, што стварэнне гэтай групы было натхнёна не толькі пачуццём адказнасці за спадчыну Касцёла і захаванне сакральнага мастацтва, але і «жаданнем распаўсюджвання духоўных і рэлігійных ідэалаў».
Ва ўсе часы Касцёл, нагадаў Папа, заклікаў мастацтва дэманстраваць прыгажосць веры і абвяшчаць евангельскае пасланне пра веліч Божага стварэння, пра годнасць чалавека, створанага на Яго вобраз і падабенства, пра сілу смерці і ўваскрасення Хрыста, які прынёс адкупленне і адраджэнне ў свет, крануты трагедыяй граху і смерці. Ватыканскія музеі, падкрэсліў Святы Айцец, даюць магчымасць незлічоным пілігрымам і турыстам сустрэць гэтае пасланне праз творы мастацтва, якія сведчаць аб духоўных памкненнях чалавецтва, узнёслых таямніцах хрысціянскай веры і пошуку вышэйшай прыгажосці, якая мае сваю крыніцу і выкананне ў Богу.
Пантыфік пажадаў сабраным у Клеменційскай зале, каб іх мецэнацтва было ўдзелам у духоўным жыцці і місіі Касцёла і выразам надзеі на прышэсце Валадарства, прыгажосці, гармоніі і міру якога чакае кожнае чалавечае сэрца.
Асацыяцыя «Мецэнаты мастацтва Ватыканскіх музеяў» — міжканфесійная група, якая імкнецца да аднаўлення, захавання і пашырэння мастацкай спадчыны Ватыканскіх музеяў і распаўсюджвання ведаў аб іх культурных і духоўных мэтах. Група была заснавана ў 1983 г. пасля таго, як буйная выстава з Ватыкана наведала Нью-Ёрк, Лос-Анджэлес і Чыкага. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|