Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак называе тры рэчы, якія могуць дапамагчы зразумець таямніцу Бога
Святы Айцец
22.10.2013 15:43

Сузіранне, блізкасць, шчодрасць — вакол гэтых трох паняццяў была сканцэнтравана гамілія Папы Францішка падчас ранішняй св. Імшы 22 кастрычніка.

Яна прайшла, як заўсёды, у капліцы ватыканскага Дома св. Марты. Пантыфік пацвердзіў, што ніхто не можа зразумець Бога выключна праз Розум, і адзначыў, што «выклік Бога» палягае на тым, што Ён «умешваецца» ў наша жыццё, каб вылечыць раны, як гэта рабіў Езус.

Разважанні Папы былі натхнёныя ўрыўкам з Паслання св. Паўла да Рымлянаў. Касцёл, сказаў Францішак, «калі хоча нам нешта сказаць аб таямніцы Бога», выкарыстоўвае толькі слова «цудоўна». Святы Павел, звярнуў увагу Пантыфік, кажа, што збаўленне і адкупленне можна зразумець толькі на каленях, у сузіранні. «Так яно і было ў гісторыі Касцёла: сузіранне — інтэлект, сэрца, калені, малітва — усё разам, дазволіла ўвайсці ў таямніцу», — сказаў Папа.

«Блізкасць» Бога, паводле  Папы Францішка, палягае на Яго пастаянным знаходжанні побач з чалавекам, нягледзячы на грэх апошняга. Папа выкарыстаў вобраз медсястры ў шпіталі, якая перавязвае раны, «адну за другой». Бог удзельнічае, умешваецца ў нашы пакуты, набліжаецца да нашых ран і лечыць сваімі рукамі, а для таго, каб мець гэтыя рукі, Ён стаў чалавекам. «Гэта асабістая справа Езуса», — падкрэсліў Пантыфік. «Шчодрасць» Бога – гэта багацце Яго любові і ласкі. Божая любоў заўсёды перамагае, таму што Ён аддаецца чалавеку цалкам, нягледзячы на яго грэшнасць.

Папа Францішак спаслаўся на некаторых святых, якія казалі, што адным з самых цяжкіх грахоў з’яўляецца недавер да Бога. Але Пантыфік выказаў здзіўленне з таго, як чалавек можа асцерагацца Бога, які настолькі блізкі і добры, які аддае перавагу нашаму грахоўнаму сэрцу. Гэту таямніцу, зноў адзначыў Святы Айцец, не так лёгка зразумець, і ніколі не зразумець выключна праз інтэлект. Тут, паводле Папы, могуць дапамагчы толькі тры рэчы: «сузіранне, блізкасць і шчодрасць».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.