Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: грамадства, якое пакідае дзяцей і маргіналізуе пажылых, адразае свае карані і робіць цёмнай будучыню
Святы Айцец
25.10.2013 15:20

25 кастрычніка Папа Францішак прыняў удзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай рады па справах сям’і. Пантыфік адзначыў, што Касцёл павінен быць блізка да сем’яў, якія перажываюць цяжкасці, вымушаны пакінуць родную зямлю, разлучаны, не маюць дома, працы ці пакутуюць з іншых прычын; быць блізка да сужонкаў, якія прабываюць у крызісе ці амаль падыйшлі да разводу.

“Да ўсіх хочам быць блізка”, - сказаў Папа. Звяртаючыся да сабраных у Клеменційскай зале Апостальскага палаца, Святы Айцец падкрэсліў некалькі аспектаў, але ў першую чаргу адзначыў, што сям’я — гэта месца, у якім вучацца любіць. “Кожны з нас будуе ўласную асабовасць у сям’і, узрастаючы побач з маці і татам, братамі і сёстрамі, дыхаючы хатнім цяплом. Сям’я – гэта месца, дзе атрымліваем імя, месца любові, прастора блізкасці, дзе вучымся мастацтву дыялога і міжасабовай камунікацыі. У сям’і асоба становіцца свядомай уласнай годнасці і, асабліва калі атрымлівае хрысціянскае выхаванне, бачыць годнасць кожнай іншай асобы, у першую чаргу хворай, слабой, маргіналізаванай”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што “супольнасць-сям’я” павінна быць прызнана як такая, асабліва ў наш час, калі дамінуе клопат пра індывідуальныя правы.

Па словах Папы, важна, каб сям’я грунтавалася на сакрамэнце сужэнства: менавіта ён робіць мацнейшым саюз сужонкаў і іх узаемнае адорванне: “Сужэнская і сямейная любоў яскрава паказвае пакліканне асобы любіць выключна і назаўсёды, і што выпрабаванні і крызісы пары і самой сям’і з’яўляюцца нагодамі для ўзрастання ў дабры, праўдзе і прыгажосці. У сужэнстве здзяйсняецца дар без разлікаў і умоваў, дзелячыся ўсім, дарамі і адмаўленнямі, давяраючы Божаму Провіду”.

Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на фундаментальную ролю дзяцей і старых у сям’і – людзей, якія з’яўляюцца найбольш уразлівымі і часта пакінутымі. “Грамадства, якое пакідае дзяцей і маргіналізуе пажылых, адразае свае карані і робіць цёмнай будучыню. (...) Кожны раз, калі дзіця пакідаецца, а пажылы маргіналізуецца, чыніцца не толькі несправядлівасць, але таксама адбываецца заняпад грамадства. Клопат пра маленькіх і пажылых – гэта выбар цывілізаванасці”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле Папы, “добрая навіна”, якой з’яўляецца сям’я, – гэта важная частка евангелізацыі, якую хрысціяне могуць перадаваць усім праз жыццёвае сведчанне і ўжо робяць гэта, што бачна асабліва ў секулярызаваных грамадствах. Святы Айцец адзначыў, што такія сем’і адразу заўважныя па вернасці, адкрытасці на жыццё і павазе да пажылых людзей. “Таямніца ўсяго гэтага ў прысутнасці Езуса ў сям’і”, - сказаў Папа і заклікаў з павагай і мужнасцю працягваць прапаноўваць свету “прыгажосць сужэнства і сям’і, асвечаных Евангеллем”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.