26 кастрычніка Папа Францішак урычыў “Прэмію Ратцынгера”. Яе пераможцамі сёлета сталі англіканскі пастар і біблеіст Рычард Барыдж і рэдактар збору твораў Ёзэфа Ратцынгера, сённяшняга Пантыфіка на пенсіі Бэнэдыкта XVI, тэолаг Крысціян Шалер.
Звяртаючыся да сабраных, Папа Францішак адзначыў “па-сапраўднаму выключны дар”, які Пантыфік на пенсіі “зрабіў Касцёлу праз свае кнігі аб Езусе з Назарэта”.
“Я памятаю, калі выйшлі першыя тамы, некаторыя казалі: што гэта такое? Папа павінен пісаць не тэалагічныя кнігі, а энцыклікі! Канешне, Папа Бэнэдыкт паставіў гэту праблему, але ў дадзеным выпадку, як заўсёды, ён ішоў за голасам Пана ў сваім асветленым сумленні. Гэтымі кнігамі ён не прадставіў навучанне ў поўным значэнні гэтага слова і не здзейсніў навуковага даследвання. Ён прынёс Касцёлу і ўсім людзям дар з самага каштоўнага, што меў – свайго знаёмства з Езусам, плёну шматлікіх гадоў вучобы, тэалагічнага дыспуту і малітвы. Таму што Бэнэдыкт XVI займаўся “тэалогіяй на каленях”, і мы ўсе пра гэта ведаем, а затым прадставіў яе ў самай даступнай форме”, - сказаў Папа.
Паводле Святога Айца, ніхто не можа вымерыць, колькі дабра Бэнэдыкт XVI прынёс гэтым дарам. Пантыфік выказаў упэўненасць, што “многія людзі дзякуючы кнігам аб Езусе з Назарэта ўзбагацілі сваю веру, паглыбілі яе або ўпершыню наблізіліся да Хрыста, спалучыўшы патрабаванні розуму з пошукам аблічча Бога”. Папа падкрэсліў, што праца Бэнэдыкта XVI стымулявала пачатак новага этапу ў сферы даследаванняў аб Евангеллі паміж гісторыяй і хрысталогіяй.
Пантыфік павіншаваў пераможцаў “Прэміі Ратцынгера” ад сябе і ад імя Бэнэдыкта XVI і пажадаў, каб Пан заўсёды благаслаўляў іх і іх працу на карысць Божага Валадарства. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|