Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец да сем’яў: тое, што найбольш абцяжарвае жыццё, — недахоп любові
Святы Айцец
26.10.2013 22:17

Недахоп любові — тое, што найбольш абцяжарвае жыццё, — падкрэсліў Папа Францішак, звяртаючыся да ўдзельнікаў чування на плошчы св. Пятра, якое прайшло з нагоды Дня сем’яў, арганізаванага Папскай радай па справах сям’і. На сустрэчу пад дэвізам «Сям’я, жыві радасцю веры» сабраліся каля 200 тысяч чалавек з усяго свету.

Многія з удзельнікаў прыбылі цэлымі сем’ямі – з сужэнцамі, дзецьмі, бабулямі і дзядулямі. Папа пачуў сведчанні некалькіх сем’яў, жыццё якіх пазначана болем, звязаным з беднасцю і войнамі.

Пантыфік нагадаў прысутным словы Хрыста з Евангелля паводле Мацвея: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас”. Папа дадаў, што жыццё часта складанае: праца, як і яе пошук, – гэта цяжар, але „тое, што найбольш абцяжарвае жыццё, – гэта недахоп любові”. Па словах Святога Айца, жыццё становіцца больш складаным ад недахопу ўсмешак, увагі, ад маўчання паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, паміж братамі. Папа адзначыў, што Бог ведае пра цяжкасці сем’яў і пра глыбокае жаданне чалавека знайсці радасць спакою, і заклікаў усе сем’і ў свеце звярнуцца ў сваіх праблемах да Хрыста. Пантыфік выказаў надзею, што ў лексіконе сужэнцаў будуць частымі тры словы: “Калі ласка, дзякуй, прабач”, бо яны здольныя лячыць шматлікія раны сучаснай сям’і.

Папа адзначыў каштоўнасць сакрамэнту сужэнства, які служыць не для “ўпрыгожання жыцця”, але для таго, каб муж і жонка былі паяднанымі паміж сабой і выконвалі бацькоўскую місію. Святы Айцец падкрэсліў, што сужэнцы моляцца разам і з супольнасцю Касцёла не таму, што так прынята, але таму, што маюць у гэтым патрэбу – у дапамозе Езуса, каб з даверам крочыць разам, прымаць і прабачаць адно аднаго штодзённа.

Папа заклікаў сем’і з радасцю крочыць па жыцці, заставацца паяднанымі з Хрыстом і несці Яго іншым праз асабістае сведчанне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.