Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Вера, якая перажываецца сур’ёзна, спрыяе сапраўднай любові»: Папа сустрэўся з членамі «Кола св. Пятра»
Святы Айцец
31.10.2013 15:47

Калі вера ўспрымаецца сур’ёзна, яна спрыяе нараджэнню дзейснай і сапраўднай любові, — звярнуў увагу Папа Францішак. 31 кастрычніка Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі членаў «Кола св. Пятра» — дабрачыннай арганізацыі, якая займаецца дапамогай бедным у Рымскай дыяцэзіі.

Звяртаючыся да іх, Пантыфік адзначыў, што падыходзіць да заканчэння Год веры, “час ласкі, калі Касцёл абнавіў веру ў Езуса Хрыста і ажывіў радасць падарожжа Яго шляхамі”. “Вера, якая перажываецца сур’ёзна, спрыяе паводзінам сапраўднай любові. Мы маем шмат простых сведчанняў людзей, якія становяцца апосталамі любові ў сям’і, школе, парафіі, на месцы працы і сацыяльнай сустрэчы, на вуліцах, паўсюль. Яны ўспрынялі Евангелле сур’ёзна! Сапраўдны вучань Пана асабіста ўключаецца ў таямніцу любові, якая мае ў якасці вымярэння шматформенную і невычэрпную беднасць чалавека”, — сказаў Папа.

Па словах Святога Айца, дапамога бедным, слабым і маргіналізаваным з’яўляецца фундаментальным заданнем ахрышчаных, а не выключным і выпадковым: “Кожны дзень з’яўляюцца сітуацыі, якія кідаюць нам выклік. Штодзённа кожны з нас пакліканы быць суцяшыцелем, станавіцца пакорнай і шчодрай прыладай Божага Провіду і Яго міласэрнай дабрыні, Яго любові, якая разумее і спачувае, Яго суцяшэння, якое ўздымае і дае адвагу. Кожны дзень мы пакліканы станавіцца пяшчотай Бога для тых, якія, магчыма, (...) забыліся пра першую пяшчоту, якія, магчыма, ніколі ў жыцці не спазналі пяшчоты”.

Папа падзякаваў членам “Кола св. Пятра” за служэнне і заклікаў працягваць быць бачным знакам любові Хрыста для тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, як у матэрыяльным, так і ў духоўным сэнсе, а таксама для пілігрымаў, якія прыбываюць у Рым з усіх куткоў свету.

“Кола св. Пятра” было заснавана ў Рыме ў 1869 г. па ініцыятыве групы маладых людзей з мясцовых заможных сем’яў. Праз каталіцкую прэсу, збор подпісаў і ініцыятывы салідарнасці яны выступалі ў абарону Святога Айца перад абліччам нападак. Затым Пій IX даверыў ім асаблівае заданне – клапаціцца пра рымскіх беднякоў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.