Святыя – людзі, якія цалкам належаць Богу, з’яўляюцца Яго вобразам і прыкладам для кожнага з нас, - сказаў Папа Францішак падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў ва ўрачыстасць Усіх Святых каля ўваходу на манументальныя рымскія могілкі “Кампа Верана”, заснаваныя на пачатку ХІХ ст.
У гаміліі Пантыфік адзначыў, што святыя з’яўляюцца “ўласнасцю” Бога. Па словах Папы, урачыстасць Усіх Святых – гэта адмысловы дзень, які прымушае кожнага задумацца над сваёй будучыняй, прычым рабіць гэта з надзеяй, крыніца якой знаходзіцца ў Богу, які ніколі не падманвае надзеі чалавека.
Папа нагадаў, што першыя хрысціяне лічылі сімвалам надзеі якар. Святы Айцец запрасіў кожнага падумаць аб сваім сэрцы і імкнуцца, каб яно заўсёды кідала якар у прыстані Бога.
Урачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых вернікаў – гэта дні надзеі і радасці, адзначыў Папа, дадаўшы, што гэта таксама час, калі кожны павінен падумаць аб “закаце” свайго жыцця і спытаць сябе, ці я гляджу на яго з надзеяй.
“Усе мы можам трапіць у Неба”, - сказаў Святы Айцец і заклікаў жыць штодня радасным спакоем, паходзячым ад Бога. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|