4 лістапада Папа Францішак цэлебраваў у ватыканскай базыліцы Імшу ў інтэнцыі 9 кардыналаў і 116 біскупаў, якія памерлі на працягу мінулага года. Пантыфік назваў гэтых іерархаў «людзьмі, адданымі свайму пакліканню».
У гаміліі Папа адзначыў, што надзея хрысціяніна мае прычыны больш глыбокія, чым абмежаванні, якія хоча паставіць смерць. Паводле Пантыфіка, хрысціянская надзея – непераможная, таму што нават самае горшае зло не можа разарваць сувязь любові паміж Богам і чалавекам, і нават смерць не ў стане зрабіць гэта, бо з’яўляецца брамай да жыцця, а не разбураным мастом паміж існаваннем і цёмнай і невядомай безданню.
“Нават сатанінскія сілы, варожыя чалавеку, застаюцца бяссільнымі перад абліччам глыбокай еднасці любові паміж Езусам і тымі, хто прымае Яго ў веры. Гэта рэальнасць вернай любові, якую Бог мае да кожнага з нас, дапамагае са спакоем і сілай ісці штодзённым шляхам, які часам з’яўляецца хуткім, а часам павольным і складаным. Толькі грэх чалавека можа разарваць гэтую сувязь; але нават у такім выпадку Бог заўсёды яго шукае, дасягае, каб аднавіць адзінства, якое працягнецца нават пасля смерці. Больш за тое, адзінства, якое ў апошняй сустрэчы з Айцом дасягне сваёй кульмінацыі”, — сказаў Папа.
Пантыфік пагадзіўся, што, калі паміраюць дарагія і добра вядомыя людзі, у нас узнікаюць пытанні: што застанецца ад іх жыцця, працы і служэння Касцёлу? Паводле Святога Айца, усе яны “ў руках Бога”, а “рукі – гэта знак адкрытасці і абароны”, “асабістых адносін павагі і вернасці”.
“Гэтыя дбайныя пастыры, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу і братам, знаходзяцца ў руках Бога. Усё іхняе – добра захавана і не будзе пашкоджана смерцю. У рухах Бога знаходзяцца іх дні, вытканыя з радасцяў і пакутаў, надзей і цяжкасцяў, вернасці Евангеллю і адданасці справе духоўнага і матэрыяльнага збаўлення даверанага ім статку”, - сказаў Пантыфік.
Па словах Папы, Бога цікавіць у першую чаргу любоў і адданасць, з якой памерлыя служылі Яму і людзям, а не чалавечыя абмежаванні, з якімі трэба змагацца.
“Нават грахі, нашы грахі – у руках Бога; гэтыя рукі міласэрныя, “прабітыя” любоўю. Не выпадкова Езус пажадаў захаваць раны на сваіх руках, каб дазволіць нам адчуць Яго міласэрнасць. У гэтым наша сіла і надзея. Гэтая рэальнасць, поўная надзеі, з’яўляецца перспектывай апошняга ўваскрашэння, вечнага жыцця, якое наканавана “справядлівым”, тым, хто прымае Божае слова і паслухмяны Яго Духу”, - адзначыў Папа.
Напрыканцы Пантыфік заклікаў сабраных рыхтавацца да сустрэчы з Богам. “Не ведаем даты, аднак гэтая сустрэча будзе”, - сказаў Святы Айцец. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|