Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: бедныя, у тым ліку бедныя здароўем, - скарб для Касцёла
Святы Айцец
10.11.2013 13:17

Хворыя – гэта не проста аб’ект салідарнасці і дабрачыннасці, але ў поўнай меры ўдзельнікі жыцця і місіі Касцёла, - звярнуў увагу Папа Францішак падчас сустрэчы 9 лістапада з членамі, валанцёрамі і падапечнымі Італьянскага нацыянальнага саюза транспарту хворых у Лурд і міжнародныя санктуарыі (UNITALSI), якая існуе ўжо на працягу 110 гадоў.

Па словах Святога Айца, дапамога падобных асацыяцый - не проста “спадарожнічанне і філантропія”, але сапраўднае абвяшчэнне “Евангелля дабрачыннасці”. Пантыфік заклікаў працуючых у сферы дабрачыннасці не знеахвочвацца з-за цяжкасцяў і стомленасці, але працягваць ахвяраваць час, усмешку і любоў іншым. Папа пажадаў ім, каб кожны хворы змог разглядзець у іх твары самога Езуса.

“Бедныя, у тым ліку і бедныя здароўем, з’яўляюцца скарбам для Касцёла”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік з жалем заўважыў, што “сучасны культурны і сацыяльны кантэкст” схільны хаваць фізічныя слабасці, “разглядаючы іх выключна як праблему”. Такія асацыяцыі, як “UNITALSI”, па словах Папы, закліканы “ісці супраць плыні падобнай жыццёвай логікі”, дапамагаючы хворым быць лідарамі ў грамадстве і Касцёле. Святы Айцец адзначыў, што ў хворых “ёсць сваё месца, асаблівая роля ў парафіі і ў кожным сектары Касцёла”, бо іх прысутнасць, хоць і ціхая, больш красамоўная, чым словы. “Не саромейцеся быць каштоўным скарбам Касцёла”, - заклікаў хворых Пантыфік.

Папа запрасіў церпячых і тых, хто ім дапамагае, давяраць сябе абароне Маці Божай, якая “ведае, што нам трэба”; “клапоціцца пра нас, хадайнічае перад Езусам і просіць для кожнага дар “новага віна”, гэта значыць любоў і ласку, якая ратуе нас”. Дапамога Марыі, адзначыў Святы Айцец, патрэбна перш за ўсё “ў гадзіну цяжкасці і слабасці, у гадзіну бедства і блытаніны, і асабліва ў гадзіну граху”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.