Папа ўдзяліў біскупскую сакру кс. Фернанда Вэргезу Альзаге |
Святы Айцец
|
15.11.2013 20:34 |
15 лістапада Папа Францішак удзяліў біскупскую сакру іспанскаму святару Фернанда Вэргезу Альзаге, якога 30 жніўня прызначыў на пасаду Генеральнага сакратара Губернатарата Дзяржавы Ватыкан. Новы біскуп з’яўляецца членам кангрэгацыі Легіянераў Хрыста, працуе ў структурах Рымскай Курыі з 1972 г.
Біскуп Альзаге быў супрацоўнікам Кангрэгацыі Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, Папскай рады па справах свецкіх і кіраўніком інтэрнэт-службы Апостальскай Сталіцы. З 2008 г. з’яўляецца кіраўніком Дырэкцыі тэлекамунікацый Ватыкана.
Папа Францішак ўзначаліў Эўхарыстыю ў базыліцы св. Пятра. У гаміліі Пантыфік падзякаваў новаму біскупу за “служэнне пакорнае і маўклівае, служэнне сына і брата” на карысць Касцёла. “Біскупства – гэта назва служэння, а не пашаны, таму што ад біскупа больш патрабуецца служыць, чым панаваць, згодна з запаведдзю Настаўніка: “большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр – як слуга”, - нагадаў Святы Айцец.
Папа пажадаў новаму біскупу нястомна абвяшчаць Евангелле і праз малітву і ахвяру дасягнуць поўні святасці Хрыстовай. “У Касцёле, табе давераным, будзь верным абаронцам і распарадчыкам таямніц Хрыстовых. А асаблівым чынам табе давераны душпастырскі клопат над працуючымі ў Ватыкане. Будзь ім айцом і братам, з сапраўднай любоўю і пяшчотай”, - заклікаў Пантыфік. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|