Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да катэхуменаў: калі будзе малой прага жывога Бога, вера рызыкуе ператварыцца ў звычку
Святы Айцец
23.11.2013 23:49

23 лістапада з нагоды заканчэння Года веры адбылася сустрэча Папы Францішка з катэхуменамі. У ёй удзельнічалі каля 500 чалавек з розных краін, якія рыхтуюцца да прыняцця сакрамэнту хросту.

На пачатку сустрэчы Пантыфік прывітаў групу з 35 катэхуменаў на парозе базылікі св. Пятра традыцыйнымі для сакрамэнту хросту пытаннямі: “Як тваё імя?”, “Чаго просіш у Касцёла Божага?”, “Што дае табе вера?”, а затым пазначыў кожнага з іх знакам крыжа.

Звяртаючыся да сабраных, Папа сказаў, што іх аб’ядноўвае “жаданне Бога”. Паводле Пантыфіка, важна захоўваць жывой гэтую тугу па сустрэчы з Панам, Яго любоўю і міласэрнасцю: “Калі будзе малой прага жывога Бога, вера рызыкуе ператварыцца ў звычку, рызыкуе згаснуць, як агонь, які не падтрымліваецца”.

На шляху катэхуменату, па словах Святога Айца, важныя слуханне, сустрэча і рух. Папа падкрэсліў, што вера нараджаецца дзякуючы слуханню: “У мітусні шматлікіх галасоў, якія гучаць вакол і ўнутры нас, вы пачулі і прынялі голас, які ўказаў на Езуса, як на адзінага, хто можа даць поўны сэнс вашаму жыццю”.

Пантыфік нагадаў, што людзі былі створаны Богам не для таго, каб прабываць у адзіноце, але каб сустрэцца з Ім і іншымі людзьмі. “Бог першы выходзіць да кожнага з нас; і гэта цудоўна”, - адзначыў Папа і дадаў, што Бог заўсёды цярпліва чакае спрыяючага моманту для сустрэчы з намі, а калі яна адбываецца, хоча застацца, каб падтрымліваць, суцяшаць, дарыць сваю радасць. Таксама і Ён мае прагу сустрэчы з намі, заўважыў Святы Айцец.

Па словах Папы, на шляху веры мы часам адчуваем стомленасць і разгубленасць, але сярод цяжкасцяў вера павінна ўмацоўваць ва ўпэўненасці, што Бог заўсёды побач, асабліва ў самых балючых і незразумелых сітуацыях. “Мы пакліканы заўсёды больш уваходзіць унутр таямніцы любові Божай, якая нас пераўзыходзіць і дазваляе жыць са спакоем і надзеяй”, - сказаў Святы Айцец.

Папа пажадаў катэхуменам заўсёды захоўваць энтузіязм першага моманту, калі іх вочы былі адкрыты святлом веры і ўпершыню адчулі на сябе позірк Хрыста.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.