Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэзентавана першая Апостальская адгартацыя Папы Францішка
Святы Айцец
26.11.2013 14:20

Першая Апостальская адгартацыя Папы Францішка “Evangelii gaudium” (“Радасць Евангелля”) прадстаўлена 26 лістапада ў Прэс-службе Апостальскай Сталіцы. “Радасць Евангелля напаўняе сэрцы і жыццё тых, хто сустракаецца з Хрыстом”, — такімі словамі пачынаецца дакумент.

У ім Папа развівае тэму абвяшчэння Добрай Навіны ў сучасным свеце, абапіраючыся, між іншым, на спадчыну Сінода Біскупаў па новай евангелізацыі, які прайшоў у Ватыкане 7-28 кастрычніка 2012 г. Тэкст пачынаецца і заканчваецца заклікам “аднавіць арыгінальную свежасць Евангелля”, знаходзячы “новыя шляхі”, “крэатыўныя метады” і не знявольваючы Езуса ў нашых “нудных схемах”. Па словах Пантыфіка, неабходна “душпастырскае і місійнае навяртанне, якое не павінна пакінуць рэчы такімі, якімі з’яўляюцца сёння”, а таксама рэформа структур Касцёла, каб яны “станавіліся больш місійнымі”. У гэтым абнаўленні, адзначае Святы Айцец, не трэба баяцца перагледзець звычаі Касцёла, “не звязаныя непасрэдна з цэнтрам Евангелля”, а “ўкаранёныя на працягу гісторыі”.

Папа заклікае “трымаць паўсюль дзверы касцёлаў адчыненымі”, каб тыя, хто праходзіць каля іх, не сустрэлі “холаднасць закрытых дзвярэй”. Тое ж датычыцца душпастырства ў розных сферах, у тым ліку сакрамэнтальнай. Паводле Папы, Эўхарыстыя павінна быць “не ўзнагародай для дасканалых, а шчодрым лекам і пасілкам для слабых”. Святы Айцец паўтарыў сваё жаданне бачыць Касцёл “параненым і запэцканым з-за таго, што выйшаў на вуліцы”, а не “заклапочаным знаходжаннем ў цэнтры”. У першую чаргу Касцёл павінна турбаваць тое, што многія нашы браты жывуць без сяброўства з Езусам, перакананы Пантыфік.

Асаблівым чынам Папа заклікаў касцёльныя супольнасці не паддавацца спакусам нянавісці і зайздрасці: “пасярод Народа Божага і ў розных супольнасцях колькі войнаў!” “Каго хочам евангелізаваць такімі паводзінамі?” - пытаецца Святы Айцец. Папа адзначае таксама неабходнасць пашырэння адказнасці свецкіх вернікаў, якія адкінуты на “ўзбочыны рашэнняў” “празмерным клерыкалізмам”.

Пантыфік закрануў і тэму прапаведвання, адзначыўшы, што гаміліі “павінны быць кароткімі” і не падобнымі да “канферэнцый ці лекцый”: трэба быць здольнымі казаць словы, якія “запальваюць сэрцы”. Святы Айцец падкрэсліў важнасць падрыхтоўкі гамілій: “прапаведнік, які не рыхтуецца, не з’яўляецца “духоўным”, але нягодным і безадказным”, лічыць Папа. Гамілія, па словах Пантыфіка, павінна даваць надзею, а не пакідаць “нявольнікамі негатыву”, і само абвяшчэнне Евангелля павінна мець пазітыўныя характарыстыкі: “блізкасць, адкрытасць на дыялог, цярплівасць, сардэчнасць, якая не асуджае”.

Гаворачы пра актуальныя выклікі, Папа крытычна адзначае пануючую эканамічную мадэль, “несправядлівую ў карані”, якая “забівае”, таму што ў ёй пераважае “закон самых моцных”. Касцёл, па словах Пантыфіка, павінен актыўна ўключыцца ў абарону бедных. “Пакуль не вырашацца праблемы бедных, не вырашацца праблемы свету”, - адзначае Святы Айцец, а сярод самых безабароных і слабых называе таксама ненароджаных дзяцей, у якіх сёння жадаюць “адабраць чалавечую годнасць”.

У евангелізацыі, паводле Святога Айца, важную ролю грае супрацоўніцтва з іншымі рэлігіямі, дзякуючы якому можна ўзаемна ўзбагачацца. Папа заклікае не апускаць рукі перад абліччам няўдач ці невялікіх вынікаў працы, памятаючы, што заўсёды важным з’яўляецца “дар самога сябе”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.