Не баяцца сведчыць аб уласных перакананнях і рэлігійнай прыналежнасці заклікаў Папа Францішак удзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, якое праходзіць 25-28 лістапада ў Рыме на тэму “Члены розных рэлігійных традыцый у грамадстве”. Святы Айцец прыняў іх на аўдыенцыі.
Па словах Пантыфіка, дыялог не прадугледжвае адмаўлення ад уласнай тоеснасці і кампрамісаў з верай і хрысціянскай этыкай: наадварот, сапраўдная адкрытасць магчыма толькі пры глыбокім, ясным і радасным усведамленні сваёй ідэнтычнасці і ўкаранёнасці ва ўласных перакананнях. Папа адзначыў, што калі адкідаем у бок самае дарагое, што маем, сустрэча з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў становіцца несапраўднай, і “ў такім выпадку можна казаць пра прытворнае братэрства”.
У дыялогу з прадстаўнікамі іншых рэлігійных традыцый, паводле Святога Айца, неабходна пераадолець таксама іншы страх – перад рэлігійным вымярэннем як такім. Многія лічаць, што мірна суіснаваць магчыма толькі хаваючы ўласную рэлігійную прыналежнасць і пазбягаючы зваротаў да трансцэндэнтнасці. Такім чынам, на думку Пантыфіка, выдаляецца вялікая частка ўнутранага жыцця кожнага чалавека, а братэрства разглядаецца ў якасці “лабараторнага” эксперыменту.
Святы Айцец заклікаў з павагай адносіцца да меркаванняў і веравызнанняў іншых, але не баяцца паўставаць перад імі такімі, якімі мы ёсць. “Будучыня за мірным суіснаваннем з павагай да адметнасцяў, а не ў сцвярджэнні адзінага мыслення, тэарэтычна нейтральнага”, - сказаў Папа. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|