Пацвярджэннем сапраўднай веры ва ўкрыжаванага Хрыста з’яўляецца дар з самога сябе – любоў да бліжняга, асабліва да таго, хто яе не годны, хто пакутуе і маргіналізаваны, адзначае Папа Францішак у пасланні на Сусветны дзень хворых. Пасланне было апублікавана 7 снежня.
Пантыфік падкрэслівае, што Езус прысутнічае ў пакутах хворых; Ён, стаўшы чалавекам, не пазбавіў людзей досведу хвароб і пакутаў, але, прыняўшы іх на сябе, надаў ім новае, станоўчае значэнне: Ён паказаў, што пакуты – гэта не апошняя кропка. “Як Айцец падарыў Сына і Сын падарыў самога сябе дзеля любові, таксама і мы павінны любіць бліжніх, як Бог палюбіў нас, даючы жыццё братам”, — піша Святы Айцец.
Пантыфік нагадвае, што сілай сакрамэнтаў хросту і канфірмацыі вернікі пакліканы станавіцца падобнымі да Хрыста – “добрага самараніна для ўсіх пакутуючых”. “Калі мы з пяшчотай набліжаемся да патрабуючых клопату, нясём надзею і ўсмешку Бога ў супярэчнасці свету”, - адзначае Папа, дадаючы, што шчыры клопат аб іншых становіцца “нашым укладам у набліжэнне Божага Валадарства”.
Каб узрастаць у неабходных пяшчоце і любові, нам патрэбны прыклады, заўважае Святы Айцец, заклікаючы ўглядацца ў жыццё Марыі, якая заўсёды была ўважлівай да голасу Бога і адкрытай на патрэбы бліжніх. Таксама Папа нагадвае пра св. Яна, які наблізіўся да крыніцы любові, будучы разам з Марыяй ля падножжа крыжа. “Хто стаіць пад крыжом з Марыяй, вучыцца любіць, як Езус”, - адзначае Пантыфік.
Сусветны дзень хворых адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 11 лютага, у дзень першага аб’яўлення Маці Божай у Люрдзе. Ён быў устаноўлены бл. Янам Паўлам ІІ 13 мая 1992 г. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|