Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: прысутнасць Касцёла ў інтэрнэце патрэбна і павінна рэалізоўвацца ў евангельскім стылі
Святы Айцец
07.12.2013 16:35

У абвяшчэнні Евангелля важная непасрэдная сустрэча з людзьмі, але прысутнасць Касцёла ў інтэрнэце таксама з’яўляецца неад’емнай, лічыць Святы Айцец. 7 снежня Пантыфік сустрэўся з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады па справах свецкіх, прысвечанага евангелізацыі ў лічбавую эпоху.

Папа Францішак падкрэсліў, што інтэрнэт сёння з’яўляецца распаўсюджанай і складанай з’явай, якая пастаянна эвалюцыянуе і ставіць пытанні па ўзаемаадносінах паміж верай і культурай. Пантыфік заклікаў не закрываць вочы на лічбавую рэчаіснасць і браць прыклад з першых хрысціянскіх супольнасцяў, якія, апынуўшыся перад абліччам шматлікіх язычніцкіх элементаў тагачаснай грэчаскай культуры, дзейнічалі паводле закліку св. Паўла: “усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся”, і дзякуючы гэтаму здолелі распазнаць і асіміляваць многія рэчы, перамяняючы іх знутры святлом Божага слова.

Папа адзначыў, што самая галоўная магчымасць, якую даюць сучасныя тэхналогіі, тычыцца абвяшчэння Евангелля, але для гэтага не дастаткова толькі тэхнічных ведаў - галоўную ролю трэба надаць рэальнай сустрэчы з людзьмі, часта параненымі і разгубленымі, каб дзяліцца з імі надзеяй. Евангелізацыя патрабуе ў першую чаргу “сапраўдных і прамых чалавечых адносін”, падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што толькі інтэрнэту для гэтага не дастаткова.

Аднак гэта не азначае, што прысутнасць Касцёла ў інтэрнэце не можа быць карыснай, падкрэсліў Пантыфік, - наадварот, яна патрэбна і павінна рэалізоўвацца ў “евангельскім стылі”, абуджаць пытанні аб сэнсе існавання і ўказваць дарогу, што вядзе да Таго, хто мае на іх адказ, – Божай Міласэрнасці, якая стала Целам у Хрысце.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.