Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак абвясціў ініцыятыву супраць голаду ў свеце
Святы Айцец
10.12.2013 13:17

Папа Францішак абвясціў “кампанію супраць голаду”. Асацыяцыя дабрачынных каталіцкіх арганізацый “Caritas internationalis” пачне рэалізоўваць яе 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, пад дэвізам “Адзіная чалавечая сям’я – харчаванне для ўсіх”. У сваім відэапасланні Святы Айцец запэўніў, што гэтая ініцыятыва атрымала яго поўную падтрымку.

Пантыфік назваў “глабальным скандалам” тое, што каля мільярда чалавек у свеце пакутуюць ад голаду. “Мы не можам павярнуцца спіной, робячы выгляд, што гэтай праблемы не існуе. Ежы, даступнай у свеце, хапіла б, каб накарміць усіх”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў да адкрытасці на праблемы галадаючых і павагі да права на харчаванне, дадзенага Богам. “Трэба дзяліцца тым, што ў нас ёсць, з тымі, хто вымушаны сутыкацца са шматлікімі перашкодамі, каб задаволіць самую асноўную патрэбу. І ў той жа час трэба станавіцца энтузіястамі сапраўднага супрацоўніцтва з беднымі, каб дзякуючы нашай і іх працы яны маглі жыць з годнасцю”, - адзначыў Пантыфік.

Папа заклікаў усе арганізацыі ў свеце, Касцёл і кожнага чалавека стаць голасам для тых, хто моўчкі пакутуе ад голаду, які быў бы ў стане “патрэсці свет”. Пантыфік звярнуў увагу, што сёння існуе вялікая колькасць харчовых адходаў з-за дрэннага выкарыстання рэсурсаў, якія чалавек мае ў наяўнасці. Святы Айцец запрасіў кожнага падтрымаць каталіцкую дабрачынную ініцыятыву, каб стварыць “свет, дзе ніхто больш не будзе паміраць ад голаду”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.