Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Папы на Сусветны дзень міру: братэрства – аснова міру і шлях да яго
Святы Айцец
12.12.2013 15:13

“Братэрства – аснова міру і шлях да яго” – гэтай тэме прысвечана пасланне Папы Францішка на Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня. Святы Айцец адзначае, што “няўрымслівае жаданне братэрства” прысутнічае ў сэрцы кожнага чалавека.

Братэрства, як піша Папа, з’яўляецца “важным вымярэннем чалавека”, а асэнсаванне ўласнай сацыяльнай прыроды “дапамагае бачыць у іншых людзях нашых братоў і сясцёр і ставіцца да іх адпаведна”. Таму, па словах Святога Айца, братэрству трэба пачынаць вучыць з сям’і, пакліканне якой - “заражаць свет сваёй любоўю”. У той жа час рэалізацыі паклікання чалавека да братэрства супрацьстаіць “глабалізацыя абыякавасці”, якая імкнецца прымусіць “паступова прызвычайвацца да пакутаў іншых, закрываючыся ў сабе”. На думку Пантыфіка, “сучасныя этычныя сістэмы няздольныя ствараць сапраўдныя сувязі братэрства”, таму што братэрства немагчымае без “спасылкі да адзінага Айца, як яго вышэйшай асновы”.

Кожны чалавек, адзначае Папа, носіць у сабе пакліканне да братэрства, але таксама і магчымасць здрадзіць яму, пра што кажа прыклад забойства Абэля яго братам Каінам. Пантыфік задаецца пытаннем: ці змогуць людзі адказаць на прагу братэрства, закладзеную ў іх Богам Айцом, і ўласнымі сіламі перамагчы абыякавасць, эгаізм і нянавісць?

Святы Айцец адзначае, што корань братэрства – у айцоўстве Бога. Крыж стаў “месцам” заснавання братэрства, якое людзі самі не ў стане стварыць; такім чынам жыццё з Хрыстом дапамагае бачыць у Богу Айца ўсіх людзей і, як наступства, нараджае імкненне жыць братэрствам, піша Папа.

Пантыфік нагадвае, што братэрства тычыцца не толькі індывідуумаў, але і цэлых народаў, а самыя паспяховыя з іх павінны памятаць пра абавязак салідарнасці, сацыяльнай справядлівасці і ўсеагульнай міласэрнасці да менш паспяховых. У аснову павінен быць пакладзены клопат пра агульнае дабро, які прадугледжвае адмаўленне ад “прагі прыбытку” і “прагі ўлады”. Трэба быць гатовымі “згубіць сябе” на карысць іншага, не эксплуатаваць і не прыгнятаць яго дзеля ўласнай выгады, а служыць яму, лічыць Папа.

Па словах Святога Айца, прычына беднасці і “ганьбы голаду” – у недахопе братэрства, таму, акрамя палітычных мераў, неабходна спрыяць братэрству праз сціплы і просты лад жыцця. Папа нагадвае пра неабходнасць братэрства ў эканоміцы. Крызіс, выкліканы паступовым аддаленнем чалавека ад Бога і бліжняга, імкненнем да матэрыяльных дабротаў і аслабленнем міжасабовых і сацыяльных адносінаў, падштурхнуў многіх шукаць шчасця ў спажывецтве і прыбытку, якія “пераўзыходзяць усялякую логіку здаровай эканомікі”, заўважае Пантыфік.

Каб аднавіць братэрства, Папа заклікае адкласці зброю і ўстаць на шлях дыялогу, спрыяць раззбраенню, асабліва хімічных і ядзерных арсеналаў, змагацца з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю, клапаціцца пра раўнамернае і адказнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Святы Айцец падкрэслівае, што “Касцёл шмат робіць ва ўсіх гэтых сферах, і ў большасці выпадкаў у маўчанні”, але неабходна пашырыць намаганні і памятаць, што служэнне – гэта “душа братэрства, якое стварае свет”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.