Пакора св. Францішка Асізскага была тэмай другога адвэнтавага казання прапаведніка Папскага Дома айца Раньера Канталамесы. У капліцы “Redemptoris Mater” у Апосталькім палацы 13 снежня прысутнічаў Папа Францішак. Казанні для Пантыфіка і яго супрацоўнікаў гучаць у кожную пятніцу Адвэнту, іх агульная тэма - "Да Божага Нараджэння разам са св. Францішкам Асізскім".
Крыніцай пакоры Бедняка з Асізі, па словах капуцына, былі праўда перад Богам і прыклад Хрыста. Свет вяртаецца да св. Францішка таму, што бачыць у ім каштоўнасці, да якіх кожны імкнецца: свабоду, мір з самім сабой і стварэннем, братэрства і радасць, а корань гэтага усяго – пакора, адзначыў айцец Канталамеса.
Пакуль чалавек вымяраецца сабой, іншымі або супольнасцю, ён ніколі не пазнае сваёй сапраўднай вартасці, заўважыў святар і дадаў, што Францішак Асізскі прапануе чалавеку стаць перад Богам, і нічога больш. Быць пакорным азначае “паглядзець на сябе перад Богам”.
Стыль пакоры, які прапанаваў Езус, можна, паводле прапаведніка Папскага Дома, падсумаваць адным словам - “служэнне”. “Калі Бог – гэта пакора, то і Касцёл павінен таксама быць пакорай; калі Хрыстус служыў, Касцёл таксама павінен служыць дзеля любові”, - сказаў айцец Канталамеса. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|