Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да супрацоўнікаў Рымскай Курыі пра прафесіяналізм, служэнне і святасць жыцця
Святы Айцец
21.12.2013 18:33

21 снежня па традыцыі на заканчэнне года Папа Францішак сустрэўся з супрацоўнікамі Рымскай Курыі. Пантыфік выказаў падзяку “ўсім, як працоўнай супольнасці”, і кожнаму асабіста за штодзённае служэнне: “за клопат, працавітасць, крэатыўнасць, за не заўсёды лёгкія намаганні супрацоўніцтва ў выкананні абавязкаў”.

Папа ўзгадаў таксама пра тых, хто ў гэтым годзе заканчвае служэнне і сыходзіць на пенсію. Па словах Святога Айца, святары і біскупы ніколі не ідуць на пенсію - яны проста пакідаюць сваю пасаду, каб “больш прысвяціць сябе малітве і клопату пра душы, пачынаючы ад сваёй уласнай”.

“Прафесіяналізм і служэнне” – гэта тыя рысы, якімі, на думку Папы, павінен характарызавацца супрацоўнік, а асабліва кіраўнік, Рымскай Курыі. Прафесіяналізм — гэта, па словах Пантыфіка, “кампетэнтнасць, адукацыя, удасканаленне і абнаўленне навыкаў”, і хоць ён набываецца з часам, для яго паўстання павінна быць добрая аснова. Другой асаблівасцю “з’яўляецца служэнне, служэнне Папу і біскупам, для Паўсюднага Касцёла і Касцёлаў мясцовых”. Пантыфік дадаў, што ў Рымскай Курыі трэба вучыцца “дыхаць” менавіта “гэтым двайным вымярэннем Касцёла”, “узаемапранікненнем універсальнага і мясцовага”.

На думку Папы, калі адсутнічае прафесіяналізм, чалавек “павольна саслізгвае ўніз да пасродкавасці”, “тэчкі са справамі становяцца банальнай інфармацыяй і паведамленнем, пазбаўленым зачыну жыцця”. З іншага боку, звярнуў увагу Пантыфік, “калі няма паставы служэння мясцовым Касцёлам і іх біскупам, разрастаецца структура курыі як цяжкай бюракратычнай, кантрольнай і інквізіцыйнай структуры, якая не дазваляе дзейнічаць Святому Духу і развівацца Божаму народу”.

Да прафесіяналізму і служэння Святы Айцец дадаў трэцюю рысу – святасць жыцця, якая ў іерархіі каштоўнасцяў найбольш важная і “з’яўляецца асновай якасці працы і служэння”: “Святасць азначае жыццё ў Духу Святым, адкрытасць сэрца на Бога, няспынную малітву, глыбокую пакору, братэрскую любоў у адносінах з калегамі”. Святасць у Рымскай Курыі, дадаў Пантыфік, - “гэта таксама супраціў сумлення адносна плётак”. Папа з жалем назваў плёткі “няпісаным законам нашых асяроддзяў” і адзначыў, што “плёткі шкодзяць якасці людзей, працы і асяроддзя”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.