Езус – гэта Любоў, якая стала целам; Ён не проста настаўнік мудрасці ці ідэал, якога намагаемся дасягнуць і ад якога знаходзімся далёка, але сэнс жыцця і гісторыі, які паставіў свой намёт сярод нас, - з такімі словамі Папа Францішак звярнуўся да вернікаў падчас Імшы ў вігілію Божага Нараджэння вечарам 24 снежня.
Пантыфік пачаў гамілію, каментуючы словы прарока Ісаі: “Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае”. Паводле Святога Айца, тут гаворка ідзе не пра сентыментальны ці эмацыйны факт, але пра глыбокую рэальнасць: мы з’яўляемся народам, які крочыць, а вакол нас, таксама як і ўнутры нас, ёсць цемра і святло. Папа заўважыў, што словы прарока Ісаі скіроўваюць да разважання над дзвюма таямніцамі: руху і бачання. Рух, паводле Пантыфіка, з’яўляецца характэрнай рысай хрысціянскай ідэнтычнасці, бо вызнаўцы Хрыста – пілігрымы да абяцанай зямлі, і на гэтым шляху разам з імі заўсёды крочыць Езус, які застаецца верным, у той час як народ перажывае моманты цемры і святла, паслухмянасці і паўстання; моманты народа пілігрымуючага і блукаючага.
Падобна адбываецца і ў нашай асабістай гісторыі, падкрэсліў Папа: калі любім Бога і братоў, крочым у святле, але калі наша сэрца закрываецца, у нас пераважаюць пыха, хлуслівасць, пошук уласнай выгады, - тады ўнутр і вакол нас уваходзіць цемра. “Хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы”, - нагадаў Папа словы евангеліста Яна.
Пантыфік звярнуў увагу, што першымі ўбачылі “намёт” Пана, атрымалі вестку пра Яго нараджэнне пастухі – тыя, якія сярод людзей былі апошнімі. Яны былі першымі, таму што чувалі ў ноччы, вартуючы свой статак, сказаў Святы Айцец і заклікаў разам з імі спыніцца ў цішыні перад Дзіцяткам Езусам, сузіраючы Яго ў цішыні і праслаўляючы Бога за гэты дар.
“У гэтую ноч падзелімся радасцю Евангелля: Бог нас любіць, любіць настолькі, што падарыў свайго Сына як нашага брата, як святло сярод цемры. Пан паўтарае: “Не бойцеся!” Таксама і я паўтараю: не бойцеся! Наш Айцец цярплівы, любіць нас, падарыў нам Езуса, каб весці па дарозе да абяцанай зямлі”, - заклікаў Папа. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|