Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: год, які прамінуў, — чарговы крок да мэты, якая перад намі
Святы Айцец
01.01.2014 14:05

31 снежня, у вігілію ўрачыстасці святой Барагодзіцы Марыі, Папа Францішак узначаліў малітву Нешпараў у ватыканскай базыліцы св. Пятра. Пасля яе заканчэння адбылася адарыцыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і спеў гімну “Te Deum” у якасці падзякі Богу за мінулы год.

Звяртаючыся да вернікаў, сабраных у базыліцы, Папа нагадаў словы апостала Яна аб тым, што з нараджэннем Хрыста “настала апошняя гадзіна”, “поўня” часу, сэнсу і збаўлення. “Больш не будзе новага Адкрыцця, а толькі поўнае аб’яўленне таго, што Езус ужо адкрыў”, - падкрэсліў Пантыфік і дадаў, што сёння кожны наш учынак звязаны з вечнасцю: “Адказ, што даем сёння Богу, які палюбіў нас у Езусе Хрысце, уплывае на нашу будучыню”. Папа адзначыў, што біблійнае і хрысціянскае разуменне часу з’яўляецца лінейным, а не цыклічным: гэта шлях, які ідзе да спаўнення. Такім чынам, паводле Святога Айца, “год, які прамінуў, не вядзе нас да рэальнасці, што заканчваецца, але да рэальнасці, што спаўняецца”, гэта “чарговы крок да мэты, якая знаходзіцца перад намі: мэты надзеі і шчасця, таму што сустрэнем Бога, прычыну нашай надзеі і крыніцу нашай радасці”.

Папа заклікаў вернікаў спытыць сябе, як правялі гэты год: выкарысталі яго выключна для сябе, сваіх інтарэсаў ці былі здольнымі таксама прысвяціць яго іншым; колькі часу аддалі на тое, каб быць з Богам у малітве і маўчанні.

Асаблівым чынам Святы Айцец звярнуўся да жыхароў Рыма, у якім разам з выключнай прыгажосцю ёсць шмат людзей, пазначаных матэрыяльнай і маральнай галечай, бедных, нешчаслівых, пакутуючых, усклікаючых да сумленняў не толькі грамадзянскіх уладаў, але і кожнага гараджаніна. “У Рыме, напэўна, мы наймацней адчуваем гэты кантраст паміж высокім, поўным мастацкай прыгажосці асяроддзем і сацыяльным бедствам тых, хто найбольш церпіць”, - сказаў Папа.

На думку Папы, у новым 2014 годзе Рым можа стаць яшчэ прыгажэйшым, багатым чалавечнасцю і гасціннасцю, калі ўсе, хто ў ім знаходзяцца, будуць больш уважлівымі і шчырымі да тых, хто ў цяжкасцях; “калі здолеем супрацоўнічаць у канструктыўным і салідарным духу, дзеля дабра ўсіх”.

“Рым у новым годзе будзе лепшым, калі не будзе людзей, якія глядзяць “здалёк”, якія глядзяць на жыццё “з балкона”, не ўваходзячы ў шматлікія чалавечыя праблемы, праблемы людзей, якія, хочам мы таго ці не, з’яўляюцца нашымі братамі”, - сказаў Пантыфік і падкрэсліў, што Касцёл у Рыме намагаецца зрабіць свой унёсак у жыццё і будучыню Вечнага горада: ажывіць яго зачынам Евангелля, быць знакам і прыладай Божай міласэрнасці.

Пасля набажэнства Святы Айцец наведаў святочныя яслі, узведзеныя на ватыканскай плошчы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.