Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мір – гэта намаганні, накіраваныя на стварэнне парадку, згоднага з Божай воляй: Папа сустрэўся з дыпламатамі
Святы Айцец
13.01.2014 14:57

13 студзеня Папа Францішак сустрэўся з дыпламатамі, акрэдытаванымі пры Святым Пасадзе. Гэта была другая сустрэча Пантыфіка з пасламі з моманту яго абрання.

Падчас сустрэчы Святы Айцец звярнуў увагу на значэнне сям’і як асновы міру і асяроддзя, адкрытага для ўсіх, “бедных і багатых, блізкіх і далёкіх”. “На жаль, гэта часта не так”, - адзначыў з жалем Пантыфік і нагадаў аб павелічэнні колькасці разбітых і няўдалых сем’яў. Гэта, па словах Папы, адбываецца не толькі “з-за паслаблення пачуцця прыналежнасці, характэрнага для сучаснага свету”, але і “з-за неспрыяльных умоў, у якіх вымушаны жыць шматлікія сем’і”, якім часта “не хапае элементарных сродкаў да існавання”.

“Існуе неабходнасць для адпаведнай палітыкі, накіраванай на падтрымку, дапамогу і ўмацаванне сям’і!” - падкрэсліў Папа, а таксама звярнуў увагу на фактар пажылых і маладых людзей, якія “з’яўляюцца надзеяй чалавецтва”. “Пажылыя прыносяць з сабой мудрасць, народжаную досведам; маладыя адкрываюць нам будучыню”, - сказаў Папа і заклікаў не ізаляваць старэйшае пакаленне і дапамагчы моладзі “знайсці працу і стварыць хатні агмень”.

Пантыфік нагадаў, што прычынай разбурэнняў і смерцяў, “якія мы назіралі ў мінулым годзе”, з’яўляецца “эгацэнтрызм, які паступова прымае форму зайздрасці, эгаізму, суперніцтва і прагі ўлады і грошай”. Гэта можа прывесці да роспачы, звярнуў увагу Папа, але менавіта Божае Нараджэнне прыносіць упэўненасць, што “канчатковае слова належыць Валадару міру, які ператварае эгаізм у дар, а помсту ў прабачэнне”. Святы Айцец падзякаваў усім, хто прычыніўся і прычыняецца да мірнага працэсу ў Сірыі, і выказаў надзею, што жэнеўская канферэнцыя, якая пройдзе 22 студзеня, стане пачаткам жаданага міру.

Папа выказаў таксама занепакоенасць праблемамі ў Ліване, нагадаў пра неабходнасць аднаўлення грамадскай гармоніі ў Егіпце і вяртання міру і стабільнасці ў Іраку. Пантыфік адзначыў прагрэс, дасягнуты ў дыялогу з Іранам па ядзернай праблеме.

Папа падкрэсліў неабходнасць “дыпламатыі дыялогу”, якая прадугледжвае перавагу “маральнай сілы закона” над “матэрыяльнай сілай зброі”. У гэтым кантэксце Пантыфік станоўча ацаніў аднаўленне мірных перамоваў паміж ізраільцянамі і палесцінцамі і выказаў спадзяванне, што абодва бакі, пры падтрымцы міжнароднай супольнасці, будуць прымаць смелыя рашэнні, накіраваныя на пошук справядлівага і трывалага ўрэгулявання канфлікту. Святы Айцец нагадаў, што мае намер наведаць Святую Зямлю.

Крыніцай турботы для Пантыфіка па-ранейшаму з’яўляецца зыход хрысціян з краін Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Папа нагадаў, што паслядоўнікі Хрыста хочуць працягваць быць часткай грамадскага, палітычнага і культурнага жыцця краін свайго паходжання, адзначыў, што “хрысціяне пакліканы сведчыць аб Божай любові і міласэрнасці” і ніколі не павінны спыняцца рабіць дабро, нават калі гэта цяжка і патрабавальна, ва ўмовах нецярпімасці і пераследу, як гэта адбываецца ў Нігерыі і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. Святы Айцец запэўніў, што Касцёл будзе дапамагаць аднавіць атмасферу прымірэння і міру.

Пантыфік звярнуў увагу, што Святы Пасад “пільна сочыць за падзеямі ў Азіі”, дзе існуе доўгая гісторыя мірнага суіснавання розных грамадзянскіх, этнічных і рэлігійных груп. Такія сувязі трэба развіваць, асабліва ўлічваючы некаторыя трывожныя прыкметы таго, што яны слабеюць, адзначыў Папа.

Святы Айцец нагадаў пра праблему адсутнасці доступу шматлікіх людзей у свеце да належнага харчавання і распаўсюджванне “культуры адходаў”, калі чалавек “выкідваецца”, будучы непатрэбным. “Страшна нават уявіць, што ёсць дзеці, ахвяры абортаў, якія ніколі не ўбачаць святло, дзеці, якіх выкарыстоўваюць у якасці салдат (...), а таксама дзеці – аб’екты гандлю, страшнай формы сучаснага рабства”, - сказаў Пантыфік, узгадаўшы таксама пра шматлікіх бежанцаў, якія жывуць у лагерах, “дзе яны больш не разглядаюцца як людзі, але як безназоўная статыстыка”, і прывёў прыклад італьянскай Лампедузы.

Яшчэ адной пагрозай для свету Пантыфік назваў “прагную эксплуатацыю прыродных рэсурсаў”. Папа заклікаў да павагі да Зямлі, “якая з’яўляецца нашым агульным домам”, і ўзгадаў разбуральныя наступствы нядаўніх стыхійных бедстваў на Філіпінах і ў іншых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.

Святы Айцец падкрэсліў, што мір – гэта “не проста адсутнасць вайны або плён, заснаваны на складаным балансе сілаў”; гэта намаганні, накіраваныя кожны дзень на стварэнне парадку, згоднага з Божай воляй. Папа запэўніў дыпламатаў у гатоўнасці Святога Пасаду і Дзяржаўнага Сакратарыяту супрацоўнічаць з краінамі для згоды і міру ў свеце.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.