11 мая ў Касцёле будзе адзначацца Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях. Папа Францішак па традыцыі, закладзенай папярэднікамі, скіраваў з гэтай нагоды пасланне пад назвай: “Пакліканні – сведчанне праўды”.
Святы Айцец звярнуўся да біблійных тэкстаў, якія кажуць пра патрэбу ў “працаўніках на жніве Пана”. Па словах Пантыфіка, Бог чакае ад Касцёла малітвы “аб павелічэнні колькасці асоб, якія служаць Яго Валадарству”, але крыніцай кожнага паклікання з’яўляецца “ініцыятыва ласкі”. “Таму ў нашым сэрцы нараджаецца спачатку здзіўленне багатым ураджаем, які можа даць толькі Бог, затым падзяка за любоў, якая заўсёды папярэднічае нам, і, нарэшце, праслаўленне за справу, здзейсненую Ім, што патрабуе, каб мы добраахвотна далучыліся да дзеяння з Ім і для Яго”, - падкрэсліў Папа.
“Кожны чалавек з’яўляецца “ўласнасцю” Бога, але не ў сэнсе валодання, якое знявольвае, а дзякуючы моцнай сувязі, якая аб’ядноўвае нас з Богам і паміж сабой”, - адзначыў Пантыфік. Па словах Папы, менавіта ў гэтым сутнасць кожнага паклікання, бо “любое пакліканне, пры мностве дарог, заўсёды патрабуе выхаду за свае межы, каб засяродзіць сваё жыццё на Хрысце і Яго Евангеллі”. “У сужэнскім жыцці або ў розных формах манаскай кансэкрацыі ці святарскім жыцці трэба адмаўляцца ад спосабаў мыслення і дзейнасці, якія не адпавядаюць Божай волі”, - напісаў Святы Айцец, дадаўшы, што гэтаму можа дапамагчы адарацыя Хрыста ў сэрцах, якая можа стаць каналам “імпульсу ласкі”, змешчанага “ў семені Божага слова”.
“Мы не павінны баяцца, Бог горача і ўмела клапоціцца аб справе, якая выйшла з Яго рук, на кожным этапе жыцця”, - напісаў Пантыфік і заахвоціў тых, каго Езус кліча да служэння, зразумець сваё пакліканне. “Я заклікаю вас прыслухацца да Езуса і пайсці за Ім, дазволіць, каб ваша нутро было пераменена праз Яго словы”, - звярнуўся да іх Папа, адзначыўшы, што адказ на заклік Езуса дапаможа вызваліць у іх і вакол іх “найлепшую энергію”. “Ніводнае пакліканне не нараджаецца само па сабе і не жыве для сябе”, - заўважыў Святы Айцец і дадаў, што яно “нараджаецца з сэрца Бога і прарастае на добрай зямлі вернага люду, у досведзе братэрскай любові”.
Каб жыць у адпаведнасці з высокім узроўнем звычайнага хрысціянскага жыцця, трэба ісці супраць плыні, працытаваў Папа свайго папярэдніка Яна Паўла ІІ. Але менавіта гэта, паводле Пантыфіка, нараджае сапраўдную радасць – ісці разам з Панам, адкрываючы “сваё сэрца для вялікіх ідэалаў і вялікіх рэчаў”. Звяртаючыся да біскупаў, святароў, законнікаў, супольнасцяў і хрысціянскіх сем’яў, Папа запрасіў іх выкарыстоўваць сапраўдную “педагогіку святасці” ў душпастырстве пакліканняў. “Жніво Пана”, заўважыў Святы Айцец, заўсёды будзе “прапарцыянальным ласцы, якую пакорна зможам у сабе прыняць”. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|