Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У рымскай парафіі Папа сустрэўся з бежанцамі, бяздомнымі, сем’ямі і ўзначаліў Імшу
Святы Айцец
20.01.2014 15:40

19 студзеня Папа Францішак наведаў рымскую парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Нягледзячы на моцную навальніцу, якая абрынулася на Вечны горад вечарам гэтага дня, Святы Айцец накіраваўся на запланаваную сустрэчу з вернікамі, якая працягнулася амаль 4 гадзіны.

Пантыфік правёў некаторы час у канфесіянале, спавядаючы, таксама паразмаўляў з бежанцамі і бяздомнымі, пра якіх клапоцяцца парафіяне, сустрэўся з моладдзю, сем’ямі, сужэнскімі парамі, кансэкраванымі асобамі, якія ажыццяўляюць у парафіі сваё служэнне.

Па завяршэнні візіту Папа прызнаўся, што быў уражаны цёплай атмасферай і адчуваў сябе як дома, як у сям’і.

У гаміліі падчас Імшы Святы Айцец заклікаў даверыцца Пану, які ніколі не расчаруе. Каментуючы евангельскі фрагмент пра сустрэчу Езуса з Янам Хрысціцелем, Папа звярнуў увагу, што, убачыўшы Месію, Ян усклікнуў: “Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету”. “Як слабое ягнятка можа ўзяць на сябе грахі ўсяго свету?” – спытаў Пантыфік і адразу адказаў: “Дзякуючы пакоры і любові”.

Па словах Папы, нягледзячы на вялікі цяжар грахоў, які мае кожны чалавек, неабходна не губляць даверу да Бога. “Давер да Пана – ключ поспеху ў жыцці”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Паглядзім на Езуса ў маўчанні, кожны з нас няхай прамовіць да Езуса з сэрца, у цішыні. Пане Езу, пакорны, добры, як ягнё, якое прыйшло ўзяць на сябе грахі, суправаджай нас на жыццёвым шляху”, - памаліўся разам з вернікамі Папа.

Парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса стала чацвёртай, якую Пантыфік наведаў у Вечным горадзе.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.