22 студзеня Папа Францішак звярнуўся з заклікам у сувязі з пачаткам у Швейцарыі канферэнцыі па праблемах Сірыі, працягам якой стануць мірныя перамовы, запланаваныя на 24 студзеня ў Жэневе паміж варагуючымі бакамі. “Малю Пана, каб дакрануўся да сэрцаў усіх, каб, шукаючы выключна найвыйшэшага дабра сірыйскага народа, не шкадавалі сілаў для тэрміновага спынення насілля і заканчэння канфлікту, які ўжо выклікаў празмерныя пакуты”, - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец пажадаў “дарагому сірыйскаму народу” рашуча крочыць да прымірэння, згоды і адбудовы пры ўдзеле ўсіх грамадзян, заклікаў сірыйцаў “убачыць у бліжнім не ворага, не суперніка, але брата, якога трэба прыняць і абняць”.
У мірнай канферэнцыі, якая атрымала назву “Жэнева-2”, прымае ўдзел дэлегацыя Апостальскай Сталіцы, у якую ўваходзяць арцыбіскуп Сільвано Тамазі, пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, і кс. прэлат Альбэрто Артэга Марцін, супрацоўнік Дзяржсакратарыяту. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|