Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа на Дзень масавай камунікацыі: у гэтым свеце медыя могуць дапамагчы стаць бліжэй адзін да аднаго
Святы Айцец
23.01.2014 14:51

“Камунікацыя на службе сапраўднай культуры сустрэчы” - так называецца пасланне Папы Францішка на Сусветны дзень масавай камунікацыі, які будзе адзначацца 1 чэрвеня. Дакумент быў апублікаваны 23 студзеня, за дзень да ўспаміну св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў.

Святы Айцец выказаў перакананне, што супрацоўнікі СМІ павінны спрыяць культуры сустрэчы ў свеце, які з аднаго боку становіцца “маленькім”, дзякуючы развіццю тэхналогій і глабалізацыі, але з іншага застаецца глыбока падзеленым і пакутуе ад шматлікіх форм маргіналізацыі, беднасці і канфліктаў па “эканамічных, палітычных, ідэалагічных, і, на жаль, рэлігійных” прычынах. “У гэтым свеце медыя могуць дапамагчы стаць бліжэй адзін да аднаго, па-новаму зразумець сэнс адзінства чалавечай сям’і, што падштурхне да салідарнасці і сур’ёзнай дзейнасці на карысць больш годнага жыцця. Камунікацыя дабра дапамагае станавіцца больш блізкімі і лепш пазнаваць адзін аднаго, быць больш паяднанымі”, - напісаў Папа, падкрэсліўшы асаблівае значэнне інтэрнэту, які “дае вялікія магчымасці сустрэчы і салідарнасці паміж усімі”, з’яўляецца “добрай рэччу” і “Божым дарам”.

Па словах Святога Айца, хуткі паток інфармацыі, які дамінуе сёння, пераўзыходзіць здольнасць чалавека разважаць над ёй і выносіць правільныя суджэнні, таму, разам з дапамогай у росце, яна можа таксама “дэзарыентаваць”. Папа нагадаў пра яшчэ некалькі небяспек: прывязанасць да інтэрнэту можа ізаляваць ад бліжніх, а тыя, хто не мае доступу да сацыяльных медыя, падвяргаюцца рызыцы маргіналізацыі.

У сувязі з гэтым Пантыфік заклікаў памятаць, што камунікацыя – гэта ў першую чаргу “заваяванне чалавечае” і толькі затым тэхналагічнае. Таму, каб лічбавая прастора стала месцам чалавечага росту, неабходна вярнуцца да “разважлівасці і спакою”, мець “здольнасць суцішыцца і слухаць”, быць цярплівымі і жадаць слухаць іншых: так можна навучыцца глядзець на свет іншымі вачыма і ацаніць чалавечы досвед, які праяўляецца ў розных культурах і традыцыях, вялікія хрысціянскія каштоўнасці, адметнасці рэлігійнай і палітычнай сфер, прынцыпы салідарнасці і субсідыярнасці і інш.

“Якім чынам камунікацыя можа дапамагчы ў служэнні сапраўднай культуры сустрэчы?” – задае пытанне Папа і ў якасці адказу прапануе ўгледзецца ў евангельскую прыпавесць пра добрага самараніна. “Хто камунікуе, становіцца бліжнім”, - адзначае Святы Айцец і дадае, што добры самаранін не проста стаў бліжнім, але ўзяў на сябе цяжар чалавека, які ляжаў на дарозе ледзь жывы. Таму камуніцацыя, па словах Папы, з’яўляецца “набліжэннем”.

Пантыфік адзначае, што, крочачы “лічбавымі” дарогамі, неабходна клапаціцца пра наяўнасць сапраўднай сустрэчы з іншымі. “Не можам жыць у адзіноце, закрытыя ў саміх сабе. Маем патрэбу любіць і быць любімымі”, - напісаў Папа, дадаючы, што “лічбавая сетка можа быць месцам узбагачаным чалавечнасцю, сеткай людзей, а не правадоў”. У сувязі з гэтым Святы Айцец заклікаў да сапраўднага хрысціянскага сведчання з боку вернікаў, у тым ліку і ў інтэрнэце.

“Адчыніць дзверы касцёлаў азначае таксама адчыніць іх у лічбавай прасторы, каб народ увайшоў, у якім бы жыццёвым стане ні знаходзіўся, каб Евангелле магло перакрочыць парог святыні і выйсці насустрач усім. Мы пакліканы сведчыць пра Касцёл, які з’яўляецца домам усіх”, - заклікаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што “хрысціянскае сведчанне не здзяйсняецца толькі бамбардзіраваннем рэлігійнымі пасланнямі, але жаданнем дарыць саміх сябе іншым, гатоўнасцю цярпліва і з павагай уключыцца ў іх пытанні і сумнівы, на шляху пошуку праўды і сэнсу чалавечага існавання”.

“Няхай наша камунікацыя будзе пахучым алеем ад болю і добрым віном для радасці. Наша ззянне не паходзіць ад фокусаў і спецэфектаў, але ад набліжэння да параненых, якіх сустракаем на шляху, з любоўю і пяшчотай. Не бойцеся стаць грамадзянамі лічбавай прасторы”, - заклікаў Папа Францішак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.