Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да касцёльных суддзяў: за кожным працэсам стаяць людзі, якія чакаюць справядлівасці
Святы Айцец
24.01.2014 14:55

Прававое і душпастырскае вымярэнні не знаходзяцца ў Касцёле ў апазіцыі адзін да аднаго, наадварот, яны служаць дасягненню адзінства яго дзеянняў, адзначыў Папа Францішак, звяртаючыся да супрацоўнікаў Трыбуналу Рымскай Роты, з якімі сустрэўся 24 студзеня. Нагодай для сустрэчы стала адкрыццё судовага года ў гэтай установе.

“Прававая дзейнасць Касцёла, сфарміраваная як паслуга для ісціны ў справядлівасці, мае глыбока душпастырскае адценне, таму што знаходзіць сваю рэалізацыю ў карысці вернікаў і стварэнні хрысціянскай супольнасці”, - адзначыў Папа і дадаў, што прававое служэнне з’яўляецца рэальнай “дыяконіяй”, паслугай для Божага народу, у тым ліку дзякуючы дапамозе ў вырашэнні душпастырскіх праблем.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, якім павінен быць касцёльны суддзя. Першым Папа назваў чалавечае вымярэнне: суддзя павінен адзначацца чалавечай сталасцю, якая выяўляецца ў “яснасці суджэння” і “дыстанцыяванасці ад асабістых поглядаў”; павінен быць інтэрпрэтатарам так званага “animus communitatis” (духу супольнасці) і адмовіцца ад фармалізму і абстрактнасці, адказваючы на патрэбы рэальнасці, - менавіта гэта дапаможа глыбока ўнікнуць у сітуацыю чалавека. Другі аспект, на які звярнуў увагу Пантыфік, судовы: суддзя павінен быць сапраўдным экспертам у галіне права, адзначацца аб’ектыўнасцю і справядлівасцю суджэння, непарушнасцю і непрадузятасцю.Трэцім аспектам Папа назваў душпастырскі, які праяўляецца ў “сапраўдным духу служэння” і клопаце пра раны Божага народу.

Працу Трыбуналу Рымскай Роты Святы Айцец назваў “унікальнай паслугай Божай любові, блізкай кожнаму чалавеку”. “Калі вы здзяйсняеце судовую працу, не забывайцеся, што вы пастыры! За кожным працэсам, кожнай справай стаяць людзі, якія чакаюць справядлівасці”, - нагадаў Пантыфік.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.