Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа сустрэўся з удзельніцамі нацыяльнага кангрэса «Італьянскага жаночага цэнтра»
Святы Айцец
25.01.2014 16:49

Папа пажадаў, каб “павялічылася прастора для больш шырокай і актыўнай жаночай прысутнасці ў Касцёле”, адначасова падкрэсліўшы “неад’емную ролю жанчыны ў сям’і”. 25 студзеня Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельніц нацыяльнага кангрэса “Італьянскага жаночага цэнтра” – асацыяцыі, якая дзейнічае ў грамадскай, сацыяльнай і культурнай сферах, спрыяючы салідарнай дэмакратыі і павазе да правоў і годнасці чалавека, згодна з духам хрысціянскіх прынцыпаў, італьянскіх і міжнародных прававых нормаў. Арганізацыя сёлета адзначыць 70-годдзе.

Звяртаючыся да прысутных на аўдыенцыі, Пантыфік падзякаваў ім за сведчанне аб ролі жанчыны ў жыцці грамадства і Касцёла, за працу ў адукацыйнай і грамадскай сферах. Святы Айцец нагадаў пра асаблівую жаночую “чуласць і інтуіцыю да іншых, слабых і безабаронных”, выказаў задавальненне з таго, што шматлікія жанчыны, “падзяляюць душпастырскую адказнасць са святарамі ў суправаджэнні асобаў, сем’яў і групаў, а таксама ў тэалагічным разважанні”. Таксама Папа пажадаў, “каб павялічылася прастора для больш шырокай і актыўнай жаночай прысутнасці ў Касцёле”.

Святы Айцец разам з тым падкрэсліў, што дзейнасць жанчын у публічнай сферы не павінна прывесці да забыцця аб “неад’емнай ролі жанчыны ў сям’і”. “Дары пяшчотнасці, асаблівай чуласці і ласкавасці, якімі багатая жаночая душа, з’яўляюцца не толькі сапраўднай сілай для жыцця сем’яў, для распаўсюджвання атмасферы супакою і гармоніі, але таксама рэчаіснасцю, без якой пакліканне чалавека не магло б рэалізавацца”, - сказаў Папа, дадаўшы, што “прысутнасць жанчыны ў хатнім асяродку з’яўляецца як ніколі неабходнай” для “перадачы будучым пакаленням моцных маральных прынцыпаў і самой веры”.

Звяртаючыся да жанчын, Святы Айцец заклікаў іх прабываць у пастаяннай малітве, дыялогу з Богам і Яго словам, удзельнічаць у сакрамэнтах, што дапаможа зрабіць гарманічнай іх прысутнасць у грамадскай, касцёльнай і сямейнай сферах.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.