Папа Францішак мае “юнацкі падыход да абвяшчэння Евангелля”, а Еўропа ў гэтым сэнсе крыху састарэла, адзначыў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі ў інтэрв’ю для польскага тэлебачання. Па словах святара, Пантыфік ставіць моцны акцэнт на станоўчай сутнасці паслання, што Бог любіць усіх, і гэта адна з галоўных прычын, чаму яму ўдаецца прыцягнуць людзей да Бога і стымуляваць пазітыўнае стаўленне як вернікаў, так і тых, хто жыве па-за Касцёлам.
Перад запланаваным візітам „ad limina Apostolorum” польскіх біскупаў у Ватыкан кс. Ламбардзі выказаў думку, што Папа Францішак дапаможа Касцёлу ў Польшчы нанова распачаць з энтузіязмам абвяшчаць Евангелле. На пытанне, як цяперашні Папа можа змяніць Касцёл у Еўропе і ў Польшчы, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адказаў: “Я лічу, што асабістая сустрэча польскіх біскупаў з Папам Францішкам стане ключавым момантам іх візіту, таму што можна выразна бачыць, як Святы Айцец аднавіў спосаб абвяшчэння Евангелля ў сучасным свеце, выклікаючы новы місійны запал, энтузіязм і адвагу”.
Святар адзначыў, што Святы Айцец мае “выдатную здольнасць камунікацыі з іншымі людзьмі”, не стварае дыстанцыі і застаецца пры гэтым далікатным. Гэта ўсё, вядома, важна, дадаў кс. Ламбардзі, але трэба памятаць, што гэта толькі спосаб перадачы нечага значна больш важнага.
Адказваючы на пытанне аб падрыхтоўцы да кананізацыі благаслаўлёных Яна XXIII і Яна Паўла II, святар сказаў, што Пантыфік на пенсіі Бэнэдыкт XVI не будзе ўдзельнічаць у кананізацыйнай Імшы: ён адчувае сябе добра, але ён пажылы чалавек і не можа прымаць удзел у такой працяглай цырымоніі.
Таксама, як паінфармаваў святар, трывае праца над паездкай Папы Францішка ў Паўднёвую Карэю. Святы Айцец таксама атрымаў запрашэнне на Філіпіны, але ў гэтым годзе рэалізаваны можа быць толькі візіт у Карэю. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|