Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак скіраваў пасланне на Вялікі пост
Святы Айцец
04.02.2014 16:50

Святы Айцец Францішак скіраваў сваё першае пасланне на Вялікі пост. Яно было апублікавана 4 лютага і атрымала эпіграф з Другога Паслання да Карынцянаў: “Езус стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам”.

Пантыфік адзначыў, што хоча “падзяліцца некаторымі думкамі, якія могуць стаць карыснымі на шляху асабістага і супольнага навяртання”, і ў самым пачатку паставіў пытанне: “Што значыць для нас сёння заклік да беднасці, да жыцця ў беднасці, у евангельскім сэнсе?” Словы св. Паўла з эпіграфа, на думку Папы, дэманструюць “стыль Божага дзеяння”: “Бог аб’яўляе сябе не ў постаці сусветнай улады і багацця, але слабасці і беднасці”. Крыніцай усяго гэтага з’яўляецца Божая любоў, якая “робіць падобным, устанаўлівае роўнасць, руйнуе муры і нішчыць адлегласць”. Езус стаў бедным не для беднасці самой па сабе, але “каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам”: гэта не гульня слоў, у гэтым, паводле Папы, “логіка Божай любові”.

Беднасць, якой Езус нас вызваляе і ўзбагачае, - “гэта Яго спосаб любіць нас, Яго спосаб быць нашым бліжнім”, заўважыў Папа і дадаў: “Тым, што дае нам сапраўдную свабоду, сапраўднае збаўленне і сапраўднае шчасце, з’яўляецца Яго спачувальная любоў, пяшчотная і неабыякавая”. “Беднасць Хрыста з’яўляецца найвялікшым багаццем”, адзначыў Пантыфік, паколькі заснавана на Яго “бязмежным даверы да Бога Айца”, “Ён багаты, як дзіця, якое адчувае, што яго любяць, само любіць сваіх бацькоў і ніколі ні на імгненне не сумняецца ў іх любові і пяшчоце”. Багацце Езуса, дадаў Святы Айцец, палягае на тым, што Ён – Сын, і гэтая ўнікальная повязь з Айцом з’яўляецца самым высокім прывілеем “гэтага беднага Месіі”. “Езус заклікае нас узяць на сябе Яго “салодкае ярмо”, каб мы ўзбагацілі сябе Яго “багатай беднасцю” або “бедным багаццем””, - адзначыў Пантыфік.

Папа заўважыў, што сёння многія думаюць, што такі шлях беднасці быў адпаведны для Езуса і зусім не падыходзіць для іх. “Гэта не так. У кожным часе і месцы Бог па-ранейшаму збаўляе людзей і свет праз беднасць Хрыста, таму што Ён становіцца бедным у сакрамэнтах, у Слове і сваім Касцёле, які з’яўляецца народам бедных”, - падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што “багацце Бога не можа ўдзяляцца праз наша багацце, але заўсёды і выключна праз нашу беднасць, асабістую і супольную, якая грунтуецца на сіле Хрыстовага Духа”.

Хрысціяне пакліканы заўважыць розныя тыпы галечы, ад якіх пакутуюць браты, “дакрануцца да іх рукой, браць на плечы і прабаваць змякчыць іх праз канкрэтныя дзеянні”, адзначыў Пантыфік. Галеча - гэта не тое ж, што беднасць, заўважыў Папа і назваў першую беднасцю без веры ў будучыню, без салідарнасці і надзеі.

Папа вылучыў тры тыпы галечы: матэрыяльную, маральную і духоўную. Першая – гэта тое, што звычайна называюць беднасцю, калі хтосьці жыве ва ўмовах, нягодных чалавека, без прадуктаў харчавання, вады, гігіены, працы, магчымасці для развіцця і культурнага прагрэсу; намаганні ж Касцёла скіраваны на тое, каб у свеце перасталі таптаць чалавечую годнасць, справядліва размяркоўвалі рэсурсы.

Не менш трывожнай, па словах Святога Айца, з’яўляецца маральная галеча, якая робіць чалавека рабом дрэнных звычак і граху. “Шматлікія сем’і жывуць у тузе, таму што некаторыя з іх членаў – часта маладыя – аддаліся ў кабалу алкаголю, наркотыкаў, азартных гульняў або парнаграфіі!” - адзначыў Папа і дадаў, што многія людзі страцілі сэнс жыцця, бо былі пазбаўлены перспектыў на будучыню. Такія выпадкі маральнай галечы Пантыфік назваў ядром самагубства.

Па словах Папы, гэтая форма галечы, якая вядзе да эканамічнага краху, заўсёды звязана з галечай духоўнай, якая закранае чалавека, калі той аддаляецца ад Бога і адпрэчвае Яго любоў. “Калі мы думаем, што мы не маем патрэбы ў Богу, які ў Хрысце працягвае нам руку, таму што нам здаецца, што мы самадастатковыя, - уступаем на шлях краху. Толькі Бог сапраўды збаўляе і вызваляе”, - падкрэсліў Пантыфік і дадаў, што Евангелле з’яўляецца рэальнымі лекамі ад духоўнай галечы. “Бог заклікае хрысціян быць радаснымі вестунамі Евангелля міласэрнасці і надзеі!” - нагадаў Святы Айцец. Паводле Папы, задача кожнага паслядоўніка Хрыста - абвяшчаць ва ўсіх асяроддзях, што “Бог большы за нашы грахі і любіць нас бескарысліва і заўсёды”.

Папа Францішак заклікаў Касцёл да гатоўнасці, асабліва ў час Вялікага посту, несці ўсім, якія жывуць у матэрыяльнай, маральнай і духоўнай галечы, палымянае сведчанне Евангелля, сутнасцю якога з’яўляецца міласэрная любоў Бога. “Вялікі пост – гэта час самаадрачэння”, - нагадаў Пантыфік і заклікаў кожнага задумацца аб магчымасці адмовіцца ад чагосьці, каб дапамагчы іншым і “ўзбагаціць сваю беднасць”. Папа паабяцаў, што будзе маліцца, каб “кожны вернік і кожная касцёльная супольнасць маглі плённа перажыць час Вялікага посту”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.